Пошук

18.03.2024 17:31   Паводле: Департамент інформації УГКЦ / Фота: Департамент інформації УГКЦ / Catholic.by
Фота: Раман Балук / ЛМР

16 сакавіка ў Львове (Украіна) адбылося ўрачыстае адкрыццё мемарыяльнай дошкі ў гонар кардынала Любаміра Гузара, Слугі Божага, які з 2001 па 2011 год быў кіраўніком Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы.

Памятная шыльда была ўсталявана на сцяне пры ўваходзе ў львоўскую царкву святых бессярэбранікаў Космы і Дам’яна, мучанікаў, у якой на пачатку сакавіка 1933 года быў ахрышчаны Любамір Гузар.

Ва ўрачыстасці адкрыцця мемарыяльнай дошкі ўзялі ўдзел духавенства Грэка-Каталіцкай Царквы на чале з Першавярхоўным арцыбіскупам Святаславам Шаўчуком, прадстаўнікі гарадскіх уладаў, дзясяткі мясцовых вернікаў.

«Любамір Гузар — наш айцец, патрыярх, настаўнік», — сказаў падчас урачыстай цырымоніі арцыбіскуп Шаўчук.

У сваіх успамінах кардынал Гузар пісаў: «Я нарадзіўся у Львове 26 лютага 1933 года.

Мая маці ўзгадвала, што я такім слабенькім нарадзіўся і што мяне хрысцілі ўжо на чацвёрты дзень пасля нараджэння, бо не ведалі, што са мною станецца. На ўсялякі выпадак ахрысцілі».

Кардынал Любамір Гузар адышоў у вечнасць 31 мая 2017 года і быў пахаваны ў крыпце новазбудаванага сабору Уваскрасення Хрыстовага ў Кіеве.

26 лютага Першавярхоўны арцыбіскуп Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы Святаслаў Шаўчук абвясціў пра пачатак беатыфікацыйнага працэсу свайго папярэдніка.

У дэкрэце абвяшчэння адзначаецца, што на працягу шасці гадоў з часу адыходу ў вечнасць Любаміра Гузара «моц яго слова і духа служыць людзям падтрымкаю і арыенцірам у штодзённым жыцці, асабліва падчас гэтай страшнай вайны».

Слугу Божага Любаміра Гузара пры жыцці лічылі вялікім маральным аўтарытэтам многія яго суайчыннікі розных веравызнанняў і нават няверуючыя.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.