Пошук

07.04.2022 11:38   Тэкст: Віта Якубоўская / Фота: а. Марыюш Кравец / rkc.lviv.ua / Catholic.by

Увечары 5 красавіка у Львове адбылася экуменічная малітва за ахвяр вайны, якая з 24 лютага ідзе ва Украіне.

Як паведаміў сайт Львоўскай архідыяцэзіі Рыма-Каталіцкага Касцёла ва Украіне rkc.lviv.ua, прадстаўнікі ўсіх веравызнанняў шматканфесійнага горада сабраліся на плошчы каля помніка Тарасу Шаўчэнку, каб разам памаліцца аб вечным супакоі для кожнага нявінна закатаванага дзіцяці, жанчыны; за кожную цывільную асобу, чыё жыццё абарвалася ад рук ваенных злачынцаў.

Сабраныя маліліся таксама за загінулых вайскоўцаў, якія аддалі жыццё, абараняючы сваю Бацькаўшчыну ад захопнікаў і забойцаў.

Ад Каталіцкага Касцёла ўдзел у міжканфесійнай малітве ўзяў дапаможны біскуп Львоўскай архідыяцэзіі Эдвард Кава. Іерарх упэўнены, што перамагчы ў гэтай вайне без малітвы немагчыма; што зброі і дыпламатыі недастаткова, каб спыніць гэтае зло, што распаўсюджваецца па ўкраінскай зямлі.

«Гэтая малітва, якую мы толькі што правялі ў самым сэрцы Львова за ахвяр вайны, што працягваецца на тэрыторыі нашай дзяржавы вось ужо 41-ы дзень, вельмі нам патрэбная.

Без малітвы мы не адолеем гэтае зло, якое прыйшло ў нашую краіну.

Відаць, што ўсе гэтыя злачынствы над дзецьмі, жанчынамі, над людзьмі пажылога ўзросту, над безабаронным цывільным насельніцтвам здзяйсняюцца нейкім апантаным чынам. Гэта ўжо не чалавечая злосць — гэта апантанасць злога, што праяўляецца ў гэтых злачынцах, якія здзяйсняюць гэтыя масавыя забойствы, гэты генацыд украінскага народа.

Таму мы не спынім гэтай вайны толькі мілітарнымі сродкамі ці дыпламатычным шляхам. Тут без малітвы і посту мы не справімся.

Таму ўсе мы ва Украіне павінны больш маліцца. Асабліва там, дзе праліваецца нявінная кроў безабаронных. Але просім таксама і ўвесь свет аб малітве», — сказаў біскуп Эдвард Кава.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.