Пошук

27.02.2024 11:22   Паводле: Дэпартамент інфармацыі УГКЦ / Фота: ugcc.ua / Catholic.by
Слуга Божы кардынал Любамір Гузар

26 лютага Першавярхоўны арцыбіскуп Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы Святаслаў Шаўчук урачыста абвясціў аб пачатку беатыфікацыйнага працэсу свайго папярэдніка кардынала Любаміра Гузара.

Як паведаміў Дэпартамент інфармацыі УГКЦ на сайце ugcc.ua, гэта адбылося падчас набажэнства падзякі з нагоды завяршэння Года арцыбіскупа Любаміра Гузара, у 91-ю гадавіну з дня яго нараджэння.

Пры жыцці крдынал Гузар меў непахісны аўтарытэт як у вернікаў, так і ва ўсім грамадстве, нават сярод няверуючых, якія адзначалі высокія чалавечыя і маральныя якасці першаіерарха.

У Дэкрэце, якім абвяшчаецца пачатак працэсу, адзначаецца, што на працягу шасці гадоў з часу адыходу ў вечнасць святой памяці кардынала Любаміра Гузара «моц яго слова і духу служыць людзям падтрымкай і арыенцірам у штодзённым жыцці, асабліва падчас гэтай страшнай вайны».

31 мая 2017 года Першавярхоўны арцыбіскуп Любамір Гузар спачыў у Пану ў Кіеве, і 5 чэрвеня яго цела было пахавана ў крыпце кіеўскай грэка-каталіцкай катэдры Уваскрасення Хрыстова.

«З таго часу Божы народ пачаў выяўляць асаблівую духоўную пашану ў адносінах да асобы Любаміра Гузара, не столькі молячыся аб супакоі для яго душы, колькі просячы яго заступніцтва, даючы сведчанне пра хвалу яго святасці шматлікімі запісамі ў кнігах памяці, змешчаных каля месца яго пахавання. Гэтыя запісы апавядаюць пра атрыманыя знакі, ласкі і аздараўленні», — адзначыў у дэкрэце арцыбіскуп Шаўчук.

Працэс беатыфікацыі і далейшай кананізацыі Любаміра Гузара быў распачаты ў адказ на шматлікія звароты паасобных людзей і супольнасцяў вернікаў, а таксама з увагі на наяўнасць сярод значнай часткі Божага народа спантаннай хвалы святасці, якая натхняе хрысціянаў на малітву праз заступніцтва святой памяці кардынала Гузара.

Ініцыятарам гэтай справы з’яўляецца Кіеўская архідыяцэзія Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы.

Пастулатарам беатыфікацыйнага і кананізацыйнага працэсу Любаміра Гузара Першавярхоўны арцыбіскуп Святаслаў Шаўчук асобным дэкрэтам прызначыў айца Паўла Локаця.

Першаіерарх УГКЦ заклікаў усіх вернікаў Царквы падтрымаць гэтую святую справу і растлумачыў, як гэта можна зрабіць.

«Калі хтосьці атрымае якуюсьці ласку праз заступніцтва Слугі Божага Любаміра (выслуханую малітву, аздараўленне і гэтак далей), такі чалавек мае ў сумленні абавязак пра гэта паведаміць, не мае права скрыць атрыманы ад Бога дар. Пра гэта неабходна паведаміць айцу Паўлу Локацю, пастулатару. Тады ён, паводле ўсіх царкоўных правілаў, зафіксуе гэты выпадак, і такім чынам беатыфікацыйны працэс будзе весціся далей», — сказаў арцыбіскуп Шаўчук, заахвоціўшы падтрымаць гэты нятанны працэс сваімі ахвяраваннямі.

Падчас набажэнства ўпершыню прагучала малітва аб праслаўленні Слугі Божага Любаміра Гузара, спецыяльна складзеная з гэтай нагоды.

Пасля ў крыпце, дзе пахаваны кардынал Гузар, адбылася цэлебрацыя паніхіды, якую ўзначаліў Першавярхоўны арцыбіскуп Святаслаў Шаўчук.

 

Абноўлена 27.02.2024 11:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця