![](/3/images/news/2023/11/2023-11-15-zKjPBXSZeZs.jpg)
13–14 лістапада ў Папскім Усходнім інстытуце ў Рыме праходзіла Міжнародная навуковая канферэнцыя «Ідэнтычнасць і культ: багаслоўскае, культурнае і гістарычнае вымярэнні Язафата Кунцэвіча».
Перад пачаткам канферэнцыі, у якой бралі ўдзел беларускія гісторыкі, яны сустрэліся з кардыналам Клаўдыё Гуджэроцці, Прэфектам дыкастэрыі Усходніх Касцёлаў, а таксама з Апостальскім адміністратарам для католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі архімандрытам Сяргеем Гаекам і Першавярхоўным арцыбіскупам Святаславам Шаўчуком, галавой Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы.
Іерархі пажадалі гісторыкам плённай працы, у тым ліку для дэміфалагізацыі асобы святога Язафата, які імкнуўся да еднасці, а не да падзелаў.
Сёння ніхто не абвінавачвае тую ці іншую канфесію ў тым, што адбылося 12 лістапада 1623 года. Каталіцкі Касцёл заўсёды імкнецца да адзінства з захаваннем уласнай тоеснасці; да «міру і стварэння», у адпаведнасці з абвешчаным у Беларусі годам, які супаў з юбілеем мучаніцтва каталіцкага святога.