Пошук

15.12.2021 12:35   Паводле: Vatican News
Ілюстрацыйнае фота: commons.wikimedia.org

З 1 студзеня 2022 года ў Каталіцкім Касцёле пачне здзяйсняцца спецыяльны абрад устанаўлення на паслугу катэхета. Яго тэкст быў падрыхтаваны Кангрэгацыяй Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў.

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, 13 снежня ўбачыла свет еditio typica, або ўзорнае выданне, «Абраду ўстанаўлення на паслугу катэхета».

Папа Францішак афіцыйна ўстанавіў гэтае служэнне ў Касцёле Апостальскім лістом Antiquum ministerium ад 10 мая гэтага года, вызначаючы яго як неадкладную неабходнасць для евангелізацыі ў сучасным свеце.

Тэкст абраду быў апублікаваны на лацінскай мове. Яго пераклад і дастасаванне да мясцовых умоў знаходзіцца ў кампетэнцыі паасобных епіскапатаў. Абрад можа здзяйсняцца падчас святой Імшы ці цэлебрацыі Літургіі слова і прадугледжвае дакладны парадак: настаўленне, заклік да малітвы, тэкст благаслаўлення і ўручэнне ўкрыжавання.

Разам з тэкстам абраду быў абнародаваны ліст арцыбіскупа Артура Рошэ, прэфекта Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў, адрасаваны старшыням Біскупскіх Канферэнцый, у якім прапануюцца некаторыя заўвагі адносна паслугі катэхета.

Тлумачыцца, што гаворка ідзе пра «пастаянную паслугу ў мясцовым Касцёле», у першую чаргу «свецкую», у аснове якой знаходзіцца «агульны стан ахрышчаных». Таму служэнне катэхета «фундаментальна адрозніваецца» ад служэння пасвячаных служыцеляў. «У сілу хросту» катэхеты пакліканы быць «суадказнымі ў мясцовым Касцёле за абвяшчэнне і перадачу веры, выконваючы гэтае заданне ў супрацоўніцтве з пасвячанымі служыцелямі і пад іх кіраўніцтвам», — гаворыцца ў тлумачальным лісце ватыканскага іерарха.

Адзначаецца, што існуе дзве галоўныя формы выканання паслугі катэхета: першая датычыцца выключна катэхізацыі, другая прадугледжвае таксама ўдзел у розных формах апостальства, такіх як кіраванне супольнай малітвай, дапамога хворым, правядзенне пахаванняў, фармацыя іншых катэхетаў, каардынацыя душпастырскіх ініцыятыў, дапамога бедным.

У сілу таго, што служэнне катэхета мае вялікую каштоўнасць з пункту гледжання паклікання, патрабуецца належная праніклівасць з боку біскупа, бо не ўсе асобы, якіх называюць «катэхетамі», ці якія выконваюць служэнне душпастырскага супрацоўніцтва, павінны прызначацца на паслугу. У прыватнасці, гэта датычыцца: кандыдатаў на дыяканат і святарства; законнікаў і законніц, нават калі яны прыналежаць да інтытутаў, якія маюць катэхізацыю ў якасці харызмы; настаўнікаў рэлігіі ў школах і тых, хто выконвае служэнне, скіраванае выключна да асоб, якія прыналежаць да касцёльных рухаў, якім гэтае «каштоўнае заданне» даручае кіраўнік руху, а не біскуп.

Асобы, якія суправаджаюць моладзь і дарослых на шляху хрысціянскай ініцыяцыі, не павінны прызначацца на паслугу катэхета, але павінны атрымліваць на пачатку кожнага катэхетычнага года «публічны касцёльны мандат» на выкананне гэтага задання.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.