Пошук

19.05.2026 17:10   Паводле: pinskdiocese.by

Фота Марыны Валасар

16 мая супольнасць вернікаў Пінскай дыяцэзіі сабралася ў горадзе Іванава (Пінская дыяцэзія, Пінскі дэканат) на традыцыйны фэст прысвечаны нябеснаму заступніку Палесся і дыяцэзіі — святому Андрэю Баболі.

Святкаванне распачалося малітоўнай працэсіяй па вуліцах горада Іванава шляхам мучаніцтва гэтага святога ад памятных «Крыжоў Адзінства» да касцёла-санктуарыя на цэнтральнай плошчы. Душпастыр мясцовай парафіі ксёндз доктар Юрый Дрозд нёс на чале працэсіі рэліквіі святога мучаніка, а міністранты з Гомеля і Пінска прайшлі шлях, несучы гістарычны вобраз-фератрон Андрэя Баболі.

Пасля заканчэння малітоўнай працэсіі, у парафіяльным касцёле ў Іванаве адбылася ўрачыстая літургія ў гонар святога мучаніка, якую ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. Разам з ім святую Імшу цэлебраваў архімандрыт Сяргей Гаек і святары з розных парафій дыяцэзіі. Як адзначыў Пінскі іерарх на пачатку літургіі, святы Андрэй Баболя з’яўляецца магутным нябесным заступнікам нашай дыяцэзіі, да якога мы звяртаемся, верым у яго апеку і нястомную малітву перад Богам.

Гамілію да шматлікіх пілігрымаў з розных парафій дыяцэзіі прамовіў ксёндз доктар Юрый Беганскі, пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Войстаме (Гродзенская дыяцэзія).

Святар заклікаў вернікаў цаніць дар веры, Касцёла і па прыкладу святога Андрэя быць праваднікамі Божай праўды і міласэрнасці ў сучасным свеце.

На заканчэнне літургіі ксёндз Юрый Дрозд падзякаваў біскупу, святарам, мясцовым вернікам і шматлікім пілігрымам за супольную малітву. Асаблівыя словы падзякі душпастыр парафіі і санктуарыя скіраваў музычнаму гурту з парафіі Маці Божай Фацімскай у Баранавічах, які сёлета сваім спевам, музычным афармленнем і малітвай упрыгрожыў фэст і дапамагаў вернікам праславіць Бога за дар і нябеснае заступніцтва святога Андрэя Баболі. 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця