18 мая ў санктуарыі святога Андрэя Баболі ў Іванаве (Янаве Палескім) адбыліся традыцыйныя ўрачыстасці, прысвечаныя ўшанаванню нябеснага заступніка Пінскай дыяцэзіі.
Сабраныя ў гэты дзень святары, кансэкраваныя асобы і свецкія вернікі асаблівым чынам маліліся пры рэліквіях святара і мучаніка, якога нездарма называюць Апосталам Палесся, за дапаможнага біскупа Пінскай дыяцэзіі Казіміра Велікасельца ОР, які сёлета адзначае юбілей 25-годдзя біскупскага служэння, а таксама 40-годдзе святарства.
Памаліцца ў санктуарыі святога Андрэя Баболі, а таксама падзякаваць за шматгадовае плённае служэнне найстарэйшага каталіцкага іерарха ў нашай краіне прыбылі біскупы з іншых дыяцэзій Беларусі: Старшыня ККББ Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, дапаможныя біскупы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі. Ва ўрачыстасці традыцыйна ўдзельнічалі таксама вернікі візантыйскага абраду на чале з Апостальскім адміністратарам для грэка-католікаў у Беларусі архімандрытам Сяргеем Гаекам.
Асаблівай радасцю для ўсіх сабраных стаў удзел ва ўрачыстасці Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Антэ Ёзіча, які па просьбе біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі ўзначаліў цэлебрацыю святой Імшы ў санктуарыі.
Фэст святога Андрэя Баболі распачаўся традыцыйнай малітоўнай працэсіяй шляхам яго мучаніцтва ад «Крыжоў Адзінства» на ўскрайку Іванава да касцёла Узвышэння Святога Крыжа на цэнтральнай плошчы. Пасля завяршэння працэсіі на парозе святыні пробашч парафіі ксёндз Павел Кручэк і прадстаўнікі мясцовай парафіі прывіталі Апостальскага нунцыя, выказаўшы яму словы словы ўдзячнасці за прыбыццё ў санктуарый і адзначыўшы, што ў яго асобе вітаюць Святога Айца Францішка.
З прывітальным словам да Апостальскага нунцыя і ўсіх сабраных вернікаў перад пачаткам літургіі звярнуўся біскуп Дзям’янка.
Іерарх падзякаваў нунцыю Ёзічу за яго клопат пра Пінскую дыяцэзію, а таксама заахвоціў сабраных агарнуць у гэты дзень асаблівай малітвай біскупа Казіміра Велікасельца з нагоды юбілею яго біскупскага служэння.
Цэлебрацыю святой Імшы ўзначаліў прадстаўнік Папы Францішка ў нашай краіне, з якім разам служылі сабраныя біскупы, святары з парафій Пінскай дыяцэзіі і іншых рэгіёнаў Беларусі, а таксама свецкія вернікі-пілігрымы з розных куткоў Палесся, якія прыехалі прасіць малітоўнага заступніцтва нябеснага апекуна дыяцэзіі.
У прамоўленай гаміліі нунцый Ёзіч нагадаў сабраным пра гераічнасць цнотаў святога Андрэя Баболі, заахвоціў да трываласці і мужнасці ў вызнаванні і абвяшчэнні Евангелля сучаснаму свету.
На завяршэнне Апостальскі нунцый звярнуўся да біскупа Велікасельца, якому падзякаваў за яго плённае і самаадданае служэнне Божаму народу і ўручыў юбіляру памятны медаль і ружанец ад Папы Францішка.
Напрыканцы ўрачыстай цэлебрацыі са словамі віншаванняў да біскупа Казіміра звярнуўся арцыбіскуп Станеўскі, які ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі падзякаваў іерарху за служэнне, а сабраным вернікам прыгадаў шырокую геаграфію і багаты плён служэння юбіляра Касцёлу ў нашай краіне.
Са словамі віншавання да біскупа Казіміра звярнуўся таксама архімандрыт Гаек ад імя грэка-каталіцкай супольнасці, прадстаўнікі манаскіх супольнасцяў, мясцовых органаў дзяржаўнай улады і дэлегаты з парафій, у якіх служыў іерарх.
На заканчэнне літургіі нунцый Ёзіч разам з прысутнымі біскупамі ўдзяліў сабраным апостальскае благаслаўленне.
Пасля Эўхарыстыі яшчэ доўгі час працягвалася індывідуальная малітва вернікаў, якія падыходзілі да алтара, каб ушанаваць рэліквіі святога Андрэя Баболі і прасіць далейшай апекі нябеснага заступніка Палесся.