У Пасланні на Сусветны дзень бедных, які сёлета будзе адзначацца 14 лістапада, Папа Францішак заклікаў хрысціянаў і палітыкаў тэрмінова змяніць стыль жыцця, бо менавіта эгаізм, які пануе сёння, правакуе галечу.
Са зместам папскага Паслання знаёміць Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News.
«Калі вернікі хочуць асабіста ўбачыць Езуса і дакрануцца да Яго рукой, яны ведаюць, куды звярнуцца: бедныя — гэта сакрамэнт Хрыста, яны прадстаўляюць Яго і кіруюць да Яго», — такія словы гучаць у тэксце, загалоўкам якога стала цытата з Евангелля паводле святога Марка: «Убогіх заўсёды маеце пры сабе» (Мк 14, 7).
Пантыфік нагадаў крытыку Юды ў бок жанчыны, якая намасціла Езуса каштоўным мірам. «Можна было прадаць гэтае міра больш чым за трыста дынараў і раздаць убогім», — кажа апостал-здраднік. Але насамрэч, адзначае евангеліст Ян, Юда «сказаў гэта не таму, што клапаціўся пра ўбогіх, а таму, што быў злодзеем і, маючы скарбонку, забіраў тое, што туды кідалі» (Мк 12, 5–6).
Папа Францішак рашуча падкрэсліў:
«Той, хто не прызнае бедных, здраджвае вучэнню Езуса і не можа быць Яго вучнем», бо бедныя знаходзяцца «у цэнтры шляху Касцёла».
Сёння, — заўважыў Святы Айцец, — «дадалася яшчэ адна пошасць, якая павялічыла колькасць бедных — пандэмія. Яна працягвае стукацца ў дзверы мільёнаў людзей, і калі не прыносіць пакут і смерці, усё яшчэ з’яўляецца прадвесніцай беднасці». Некаторыя краіны адчуваюць вельмі сур’ёзныя наступствы пандэміі, у выніку чаго найбольш уразлівыя людзі пазбаўлены прадметаў першай неабходнасці.
Пантыфік заклікаў знайсці «найбольш адпаведныя рашэнні для барацьбы з вірусам ва ўсім свеце, не маючы на мэце карыслівых інтарэсаў». У прыватнасці, трэба дапамагчы тым, хто пакутуе ад беспрацоўя. Патрэбныя салідарнасць і дальнабачныя гуманітарныя праекты.
У сваім пасланні Папа папярэдзіў: «Індывідуалістычны лад жыцця з’яўляецца саўдзельнікам існавання беднасці і часта ўскладае на бедных усю адказнасць за іх стан.
Але беднасць — гэта не наканаванне лёсу: гэта наступства эгаізму», — кажа пастыр паўсюднага Касцёла.
Ён перакананы, што «патрэбны іншы падыход да беднасці»: «палітыкі і сусветныя інстытуты павінны прыняць дальнабачную сацыяльную мадэль, здольную сустрэцца з новымі формамі беднасці». «Калі бедных выкідваюць на ўзбочча грамадства, як быццам бы яны вінаватыя ў сваім стане, то падрываецца само паняцце дэмакратыі, а любая сацыяльная палітыка банкрутуе», — адзначыў ён.
Пантыфік прапанаваў з вялікай пакорай прызнаць, «што перад беднымі мы часта недзеяздольныя». «Мы гаворым пра іх абстрактна, спыняемся на статыстыцы і можам расчуліцца нейкім дакументальным фільмам», але тут патрэбныя па-сапраўднаму творчыя праекты, — заўважыў ён.
Словы Езуса: «Убогіх заўсёды маеце пры сабе» (Мк 14, 7) — гэта запрашэнне ніколі не грэбаваць магчымасцю рабіць дабро, гэта не пытанне аблягчэння сумлення праз міласціну, а, хутчэй, супрацьстаянне культуры абыякавасці і несправядлівасці ў адносінах да бедных.
«Для эканамічнай сістэмы, якая ў цэнтр ставіць інтарэс некаторых прывілеяваных катэгорый», бедныя «становяцца невыносным цяжарам», а рынак, які ігнаруе этычныя прынцыпы, стварае бесчалавечныя ўмовы для людзей, што і так жывуць у складаных умовах, — адзначыў Папа Францішак.
«Такім чынам, мы назіраем стварэнне ўсё новых пастак беднасці і ізаляцыі з боку нядобрасумленных эканамічных і фінансавых суб’ектаў, пазбаўленых гуманітарнага падыходу і сацыяльнай адказнасці», — напісаў Пантыфік.
Для хрысціянаў, — настойвае Папа, — існуе «непарыўная сувязь» паміж «Езусам, беднымі і абвяшчэннем Евангелля». Уся дзейнасць Збаўцы пацвярджае, што беднасць — гэта не наканаванне лёсу, а канкрэтны знак Яго прысутнасці сярод людзей.
Паводле Святога Айца, «бедныя з’яўляюцца сапраўднымі евангелізатарамі», таму што яны «дазваляюць нам па-новаму адкрываць самыя сапраўдныя рысы аблічча Айца».