Пошук

07.03.2025 14:38   Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота: Папа Францішак: AP Photo / Alessandra Tarantino

Дарагія браты і сёстры!

З пакаянным знакам пасыпання галоваў попелам, з верай і надзеяй распачынаем штогадовую велікапостную пілігрымку. Касцёл, маці і настаўніца, запрашае нас падрыхтаваць нашыя сэрцы і адкрыцца на Божую ласку, каб з вялікай радасцю святкаваць пасхальную перамогу Хрыста Пана над грахом і смерцю, як усклікаў святы Павел: «Перамога паглынула смерць. Смерць, дзе твая перамога? Смерць, дзе тваё джала?» (1 Кар 15, 54-55). Сапраўды, Езус Хрыстус, памерлы і ўваскрослы, з’яўляецца цэнтрам нашай веры і гарантам нашай надзеі на выкананне вялікага абяцання Айца, якое ўжо споўнілася ў Ім, Яго ўмілаваным Сыне: абяцанне вечнага жыцця (пар. Ян 10, 28; 17, 3) [1].

У гэты Вялікі пост, узбагачаны ласкай Юбілейнага Года, я хацеў бы прапанаваць вам некалькі разважанняў аб тым, наколькі важна крочыць разам у надзеі і адкрываць заклікі да навяртання, якія Божая міласэрнасць адрасуе ўсім нам, як паасобку, так і як супольнасці.

Перш за ўсё, крочыць. Дэвіз юбілею «Пілігрымы надзеі» нагадвае пра доўгі шлях ізраэльскага народа да абяцанай зямлі, апісаны ў Кнізе Зыходу: цяжкі шлях ад няволі да свабоды, жаданая і пазначанай Панам, Які любіць свой народ і заўсёды яму верны. Мы не можам успамінаць біблейскі зыход, не думаючы пра шматлікіх братоў і сясцёр, якія сёння ратуюцца ад беднасці і насілля і шукаюць лепшага жыцця для сябе і сваіх блізкіх. Тут з’яўляецца першы заклік да навяртання, бо ўсе мы ў жыцці пілігрымы, але кожны з нас можа спытаць сябе: наколькі я дазваляю, каб гэты стан рэчаў стаў для мяне выклікам? Ці я сапраўды знаходжуся на шляху, ці я хутчэй паралізаваны, статычны, напоўнены бояззю і безнадзейнасцю, ці я ўтульна ўладкаваўся ў сваёй зоне камфорту? Ці я шукаю шляхоў вызвалення ад сітуацый граху і недахопу годнасці? Добрым велікапосным практыкаваннем было б сутыкнуцца з канкрэтнай рэчаіснасцю мігранта або пілігрыма і дазволіць сабе заняцца ёй, каб даведацца, чаго Бог чакае ад нас, каб быць лепшымі падарожнікамі да дому Айца. Гэта добры «тэст» для падарожніка.

Па-другое, давайце здзейснім гэтае падарожжа разам. Ісці разам – быць «сінадальным» – гэта пакліканне Касцёла [2]. Хрысціяне пакліканы падарожнічаць разам, а не як адзінокія падарожнікі. Дух Святы натхняе нас выходзіць па-за саміх сябе, ісці да Бога і да нашых братоў і сясцёр, і ніколі не замыкацца ў сабе [3]. Ісці разам азначае быць «ткачамі» адзінства, зыходзячы з агульнай годнасці дзяцей Божых (пар. Гал 3, 26-28). Гэта азначае рухацца наперад рука аб руку, не топчучы і не ўзвышаючыся над іншымі, без знясільваючай зайздрасці або крывадушнасці, не дазваляючы нікому адстаць або адчуваць сябе выключаным. Давайце ісці ў адным кірунку, да адной мэты, слухаючы адзін аднаго з любоўю і цярплівасцю.

У гэты Вялікі Пост Бог заклікае нас праверыць, ці здольныя мы ў нашым жыцці, у нашых сем’ях, на месцах, дзе мы працуем, у нашай парафіі ці рэлігійных супольнасцях ісці з іншымі, слухаць, пераадольваць спакусу ўкараніцца ў самарэферэнцыяльнасці і клапаціцца толькі пра ўласныя патрэбы. Спытаем сябе перад Панам: ці здольныя мы працаваць разам як біскупы, святары, кансэкраваныя асобы і свецкія ў служэнні Божаму Валадарству? Ці захоўваем мы гасціннасць з канкрэтнымі жэстамі ў адносінах да тых, хто набліжаецца да нас, і да тых, хто знаходзіцца далёка? Ці дапамагаем мы людзям адчуваць сябе часткай супольнасці, ці мы трымаем іх на ўзбочыне [4]. Гэта другі заклік: навяртанне да сінадальнасці.

Па-трэцяе, давайце разам вырушым у гэты шлях у надзеі на выкананне абяцання. Няхай надзея, якая не расчаруе (пар. Рым 5, 5), галоўнае пасланне гэтага Юбілею [5], будзе для нас перспектывай нашага велікапоснага шляху да пасхальнай перамогі. Як вучыў нас Папа Бэнэдыкт XVI у энцыкліцы Spe Salvi: «Чалавек патрабуе абсалютнай любові. Патрабуе такой упэўненасці, дзякуючы якой зможа сказаць: «Ні смерць, ні жыццё, ні анёлы, ні ўлады, ні цяперашняе, ні будучае, ні сілы, ні вышыня, ні глыбіня, ні іншае якое стварэнне не зможа адлучыць нас ад любові Божай, якая ёсць у Хрысце Езусе, Пану нашым» (Рым 8, 38-39)» [6]. Езус, наша любоў і наша надзея, уваскрос [7], жыве і валадарыць у хвале. Смерць ператварылася ў перамогу, і тут знаходзіцца вера і вялікая надзея хрысціянаў: ва ўваскрасенні Хрыста!

Гэта трэці заклік да навяртання: заклік да надзеі, даверу Богу і Яго вялікаму абяцанню вечнага жыцця. Мы павінны спытаць сябе: ці маю я ўпэўненасць, што Бог прабачае мае грахі? Ці я паводжу сябе так, быццам я магу збавіць самога сябе? Ці жадаю я збаўлення і ці заклікаю Божую дапамогу, каб атрымаць яго? Ці жыву я канкрэтна надзеяй, якая дапамагае мне асэнсоўваць падзеі гісторыі і падштурхоўвае мяне прысвяціць сябе справядлівасці, братэрству, клопату пра наш супольны дом, каб ніхто не быў пакінуты сам для сябе?

Сёстры і браты, дзякуючы любові Бога ў Езусе Хрысце мы захаваныя ў надзеі, якая не расчароўвае (пар. Рым 5, 5). Надзея – гэта надзейны і непахісны «якар душы» [8]. У ім Касцёл моліцца, каб «усе людзі былі збаўлены» (1 Цім 2, 4) і чакае яднання ў хвале неба з Хрыстом, сваім Жаніхом. Святая Тэрэза ад Езуса выказала гэта так: «Дык давярай (душа мая), давярай, бо ты не ведаеш ні дня, ні гадзіны. Глядзі ўважліва, усё хутка прамінае, хоць твая туга робіць сумніўным тое, што пэўнае, і робіць кароткі час доўгім» (Заклікі душы да Бога, 15, 3) [9].

Няхай Панна Марыя, Маці Надзеі, заступаецца за нас і суправаджае нас на нашым велікапосным шляху.

Рым, у святога Яна на Латэране,
6 лютага 2025 года, ва ўспамін св. Паўла Мікі і паплечнікаў, мучанікаў.


[1] Гл. энцыкліка Dilexit nos (24 кастрычніка 2024 г.), 220.
[2] Пар. Гамілія падчас святой Імшы з нагоды кананізацыі Джавані Батысты Скалабрыні і Артэміо Дзацці, 9 кастрычніка 2022 г.
[3] Гл. там жа.
[4] Гл. там жа.
[5] Гл. була Spes non confundit, 1.
[6] Энцыкліка Spe salvi (30 лістапада 2007 г.), 26.
[7] Пар. Сэквэнцыя Велікоднай Нядзелі.
[8] Пар. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, п. 1820.
[9] Там жа, № 1821.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця