Згодна з апостальскай канстытуцыяй Pascite gregem Dei ад 23 мая 2021 г., датаванай сёлетнім днём урачыстасці Спаслання Духа Святога, Папа Францішак абнародаваў новы тэкст VI кнігі Кодэксу Кананічнага Права (ККП), які змяшчае палажэнні аб карных санкцыях у Касцёле. Гаворка ідзе, у тым ліку, аб пакаранні вінаватых у сексуальным выкарыстанні непаўналетніх і эканамічных злачынствах.
Гэты тэкст, «каб усе маглі без праблем зарыентавацца і бліжэй пазнаёміцца з прадпісаннямі, пра якія ў ім ідзе гаворка», уступіць у сілу 8 снежня гэтага года. Пра гэта абвясціў на прэс-канферэнцыі ў Ватыкане арцыбіскуп Філіпо Янонэ OCarm, прэзідэнт Папскай рады заканадаўчых тэкстаў, чые словы перадае Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ.
Гаворачы аб прычынах, па якіх неабходна было змяніць змест VI кнігі ККП, сакратар Рады біскуп Хуан Іньясіё Ар’ета Очоа адзначыў, што пасля ўваходу ў дзеянняе ККП у 1983 г. у наступныя гады адзначалася, што карная дысцыпліна не адпавядала чаканням. Каноны, якія датычыліся карнага права, былі значна скарочаны ў параўнанні з Кодэксам 1917 года, але перадусім змянілася асноўная арыентацыя сістэмы. Новыя тэксты часта былі нявызначаныя, таму што лічылася, што біскупы і настаяцелі, у чыю кампетэнцыю ўваходзіла карная дысцыпліна, лепш вызначаць, калі і як караць найбольш адпаведным чынам. Акрамя таго, вопыт паказаў цяжкасці, якія ўзнікалі ў ардынарыяў у выкарыстанні карных нормаў.
У такой сітуацыі Святы Пасад павінен быў уласным аўтарытэтам дапоўніць магчымыя недахопы ў звычайнай сістэме пакаранняў, пакідаючы за сабой выключнае права кіраваць карнай дысцыплінай у найбольш сур’ёзных выпадках.
Біскуп Ар’ета адзначыў, што змены ў новай рэдакцыі VI кнігі ККП у асноўным адпавядаюць тром галоўным крытэрыям.
Па-першае, цяпер тэкст адпаведным чынам удакладняе карныя нормы, чаго раней не было, з мэтай даць дакладныя і пэўныя ўказанні тым, хто павінен імі карыстацца. Акрамя таго, злачынствы цяпер лепш акрэслены, з адрозненнем выпадкаў, якія раней былі згрупаваныя разам. Цяпер пакаранні вычарпальна пералічаны ў каноне 1336, а ў тэксце паўсюль пададзены крытэрыі належнай ацэнкі для тых, хто павінен разбірацца з канкрэтнымі сітуацыямі.
Другім крытэрыем, якім кіраваліся ў гэтай рэформе, стала абарона супольнасці а таксама клопат пра кампенсацыю за спакусу і нанесеную шкоду. Новы тэкст мае на мэце зрабіць прыладу карных санкцый часткай звычайнага душпастырскага кіравання супольнасцямі, пазбягаючы незразумелых формул, якія існавалі раней. Канон 1361 § 4, напрыклад, распачынаецца сцвярджэннем, што «нельга вызваліць ад пакарання, пакуль, паводле разважлівага меркавання ардынарыя, вінаваты не выправіць нанесенай шкоды».
Трэцяй мэтай, якой імкнуліся дасягнуць, было даць пастырам неабходныя сродкі для прадухілення злачынстваў і магчымасці своечасова ўмяшацца, каб выправіць сітуацыі, якія могуць пагоршыцца, не адмаўляючыся, аднак, ад неабходных сродкаў асцярожнасці для абароны падазраванага ў злачынстве як гарантыі таго, што сёння ўстанаўлівае кнон 1321 § 1: «Кожны лічыцца невінаватым, пакуль не будзе даказана адваротнае».
Яшчэ адной прыладай, якую ардынарыі атрымалі з мэтаю прадухілення злачынстваў, стаў набор карных сродкаў, якія цяпер пералічаны ў VI кнізе ККП: напамін, вымова, карны наказ і нагляд.
Нагляд раней не быў прадугледжаны, а карны наказ цяпер быў падрабязна ўрэгуляваны. Гэта не непасрэдна карныя санкцыі, і яны могуць таксама выкарыстоўвацца без асаблівай уступнай працэдуры, але заўсёды з захаваннем прадпісанняў, устаноўленых для выдання адміністрацыйных актаў.
Старшыня Папскай рады заканадаўчых тэкстаў арцыбіскуп Філіпо Янонэ адзначыў, што прадугледжаны новыя пакаранні, такія як штраф, кампенсацыя, поўнае або частковае пазбаўленне касцёльнай аплаты ў адпаведнасці з прадпісаннямі, ўстаноўленымі Канферэнцыямі біскупаў, не парушаючы абавязку ў выпадку пакарання духоўнай асобы клапаціцца пра тое, каб у яе не было недахопу ў сродках для справядлівага ўтрымання. Была звернута ўвага на больш упарадкаваны і падрабязны пералік пакаранняў, каб касцёльная ўлада магла вызначыць найбольш адпаведныя і прапарцыйныя ў адносінах да паасобных злачынстваў, а таксама з’явілася магчымасць выкарыстання пакарання суспенсай у адносінах да ўсіх вернікаў, а не толькі духоўных асоб.
Акрамя таго прадугледжаны больш адпаведныя сродкі ўмяшальніцтва для выпраўлення і прафілактыкі злачынстваў.
Заслугоўвае ўвагі таксама выразнае пацверджанне ў тэксце асноўнага прынцыпу прэзумпцыі невінаватасці, а таксама змена нормы, якая датычыцца тэрміну даўніны з мэтаю заахвоціць да правядзення працэсаў за разумна кароткі перыяд часу.
Паведамляецца, што ў ККП вярнуліся некаторыя нормы з Кодэксу 1917 года, якія не былі ў яго ўключаны ў 1983 г. Напрыклад, гаворка ідзе пра подкуп службовых асоб, удзяленне сакрамэнтаў асобам, якім нельга іх удзяліць, утойванне ад законнай улады усялякіх неадпаведнасцяў ці недахопаў для атрымання пасвячэння.
Разам з тым арцыбіскуп Янонэ нагадаў, што злачынствы, пра якія ідзе гаворка ў VI кнізе ККП, здзяйсняе толькі невялікая меншасць членаў Касцёла. «У такіх выпадках справядлівасць патрабуе, каб быў вернуты парушаны парадак, каб ахвяра канчаткова атрымала кампенсацыю, каб тыя, хто ўчыніў зло, былі пакараныя, каб за яго адпакутвалі.
Аднак Папа на заканчэнне Канстытуцыі нагадвае нам, што карныя нормы, як і ўсе кананічныя нормы, павінны заўсёды зводзіцца да найвышэйшай нормы, абавязковай у Касцёле, а менавіта да salus animarum — збаўлення душаў.
Таму ён абнародуе гэты тэкст „з надзеяй, што ён можа стаць прыладаю для дабра душаў“», — падкрэсліў на прэс-канферэнцыі Старшыня Папскай рады заканадаўчых тэкстаў.