Пошук

21.06.2025 22:52   Тэкст: Марыя Валодзіна / Беларуская рэдакцыя Vatican News / БЕЛТА

21 чэрвеня 2025 года Папа Леў XIV прыняў у ватыканскім Апостальскім палацы Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь пры Святым Пасадзе Юрыя Амбразевіча, які ўручыў яму свае даверчыя граматы.

Як паведамляе інфармацыйнае агенцтва БЕЛТА са спасылкай на прэс-службу МЗС Беларусі, пасля ўрачыстай цырымоніі адбылася асобная сустрэча пасла Беларусі са Святым Айцом, у ходзе якой былі закрануты пытанні міждзяржаўнага парадку дня, уключаючы сітуацыю ў рэгіёне, а таксама абмеркаваны пытанні далейшага развіцця двухбаковага супрацоўніцтва Ватыкана і Беларусі на розных узроўнях, гуманітарныя ініцыятывы, праекты ў сферы адукацыі і культуры.

Згодна з інфармацыяй Беларускай рэдакцыі Vatican News, гэтая падзея з’яўляецца важным крокам на шляху развіцця двухбаковых адносін паміж Беларуссю і Святым Пасадам.

Юрый Амбразевіч быў прызначаны Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь пры Святым Пасадзе 27 сакавіка бягучага года. Ён мае багаты дыпламатычны досвед.

Новы пасол нарадзіўся 25 лютага 1975 года ў Мінску і з'яўляецца выпускніком юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля заканчэння вучобы ў 1997 годзе пачаў працаваць у дагаворна-прававым упраўленні Міністэрства замежных спраў Беларусі. Займаў пасады ў пасольствах нашай краіны ў Бельгіі і Люксембургу, а таксама ў прадстаўніцтвах пры НАТА і ЕС. У 2013-2015 гадах быў выканаўчым сакратаром Нацыянальнай камісіі Беларусі пры ЮНЕСКА.

У 2015 годзе Юрый Амбразевіч быў прызначаны Пастаянным прадстаўніком Беларусі пры ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе. У 2017 годзе быў сустаршынёй Сацыяльнага форума Савета па правах чалавека ААН. У 2019-2021 выконваў абавязкі старшыні Эканамічнай камісіі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый для Еўропы. У 2022 годзе быў прызначаны намеснікам міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь.

Юрый Амбразевіч праваслаўны. Ён жанаты і мае дваіх дзяцей. Валодае беларускай, рускай, англійскай і французскай мовамі.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.