21 кастрычніка адбылася сустрэча Старшыні ККББ арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, Старшыні Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры ККББ біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB і прэс-сакратара ККББ ксяндза каноніка Юрыя Ясевіча з Генеральным вікарыем Рымскай дыяцэзіі кардыналам Бальдасарэ Рэйна.
Падчас размовы з высокапастаўленым іерархам беларускія іерархі, якія прыбылі па яго запрашэнні, інфармавалі яго аб візіце ў Рым пілігрымаў з Беларусі, якія 22 кастрычніка прымуць удзел у святкаванні юбілейнага года ў Рыме, а таксама аб сваёй сустрэчы з Папам Львом XIV на прыватнай аўдыенцыі.
Арцыбіскуп Станеўскі і біскуп Яшэўскі ўзгадалі, што ў 2026 годзе Касцёл у Беларусі, будзе адзначаць 35-годдзе аднаўлення сваіх структур, што з’яўляецца важнай датай для мясцовай супольнасці.
З гэтай нагоды яны паўтарылі кардыналу Рэйна прапанову, якая была агучана падчас сустрэчы са Святым Айцом — стварыць «Беларускі Калегіум» — куточак Бацькаўшчыны ў Рыме, мэтай якога было б знаёмства жыхароў і гасцей Вечнага Горада з Беларуссю і яе касцёльнай супольнасцю.
Дадатковай нагодай стварэння такога беларускага цэнтра з’яўляецца адкрыццё 27 сакавіка пасольства Беларусі пры Святым Пасадзе.
Размова была вельмі канструктыўнай. Папскі вікарый выразіў сваю прыхільнасць гэтаму праекту і гатоўнасць распачаць справу стварэння беларускага асяродка ў Рыме. Беларускія іерархі паабяцалі, пасля кансультацыі з Канферэнцыяй Каталіцкіх Біскупаў Беларусі, прыкласці ўсе намаганні ў гэтым напрамку, каб «Беларускі Калегіум» паўстаў як мага хутчэй.

















