Папа Францішак скіраваў пасланне генеральнаму настаяцелю Ордэна братоў Прапаведнікаў айцу Джэрарду Тыманэру ІІІ да 800-годдзя з дня смерці святога Дамініка дэ Гусмана (1170–1221).
Як паведамляе Руская рэдакцыя парталу Vatican News, Святы Айцец разважае над тытулам заснавальніка ордэна — Praedicator Gratiae («Прапаведнік ласкі»): місія і харызма Дамініка прынеслі шчодры плён для яго вялікай манаскай сям’і, у прыватнасці, у яе сузіральным жыцці, апостальскіх працах, брацтвах святароў і вернікаў, свецкіх інстытутаў і моладзевых рухаў.
«Святы Дамінік адказаў на настойлівую патрэбу свайго часу не толькі яркім і абноўленым прапаведваннем Евангелля, але і пераканаўчым сведчаннем яго заклікаў да святасці ў жывых зносінах Касцёла»,— піша Папа Францішак.
У наш час святы заснавальнік Ордэна братоў Прапаведнікаў можа «служыць натхненнем для ўсіх ахрышчаных, пакліканых дасягнуць святлом Евангелля і міласэрнай любоўю Хрыста ўсіх ускраін нашага свету ў якасці вучняў-місіянераў».
Як падкрэслівае Пантыфік, сведчанне святога Дамініка аб міласэрнасці Хрыста і яго жаданне прынесці гаючы бальзам тым, хто жыве ў матэрыяльнай і духоўнай беднасці, натхнялі апостальства дамініканаў, асабліва ў справе абароны карэнных народаў.
Ордэн братоў Прапаведнікаў, па словах Святога Айца, пакліканы быць у авангардзе «абноўленага абвяшчэння Евангелля, здольнага звяртацца да сэрцаў людзей нашага часу і абуджаць у іх прагненне прыйсця Хрыстовага Валадарства святасці, справядлівасці і міру».
У гэты юбілейны год Папа Францішак дзякуе дамініканам за «выдатны ўнёсак, які яны зрабілі ў прапаведванне Евангелля праз тэалагічнае даследаванне таямніц веры», пачынаючы з часоў сярэднявечных універсітэтаў.
«Інтэлектуальнае апостальства ордэна, яго шматлікія школы і вышэйшыя навучальныя ўстановы, культываванне святых навук і прысутнасць у свеце культуры стымулявалі сустрэчу паміж верай і розумам», — падкрэслівае Святы Айцец.
У пасланні генеральнаму настаяцелю Папа Францішак дзеліцца асабістым досведам: падчас свайго візіту ў Балонью пяць гадоў таму ён маліўся каля грабніцы святога Дамініка аб павелічэнні святых і верных пакліканняў да святарства і манаскага жыцця. На заканчэнне паслання Святы Айцец благаслаўляе дамініканаў і даручае іх любячаму заступніцтву Найсвяцейшай Маці Божай Ружанцовай і святога Дамініка.