Пошук

11.03.2021 14:05   Паводле: Vatican News / Catholic.by
Фота: Іlfoglio.it

«Паслухмянасць Папу — не проста чалавечая патрэба. Гэта ўмова паслухмянасці Хрысту, які паставіў апостала Пятра і яго наступнікаў на чале Касцёла», — сцвердзіў кардынал Рабэр Сара ў інтэрв’ю італьянскай газеце Il Foglio, якое было апублікавана 10 сакавіка.

У ім былы Прэфект Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў падводзіць вынікі свайго больш як 20-гадовага служэння Святому Пасаду пасля таго, як нядаўна Папа Францішак прыняў яго адстаўку.

«Я шчаслівы і ганаруся тым, што служыў тром Папам. Я імкнуўся быць лаяльным слугой, паслухмянам і падпарадкаваным у пакоры праўдзе Евангелля. Я ніколі не ішоў супраць Папы», — перадае словы гвінейскага кардынала польская рэдакцыя парталу Vatican News.

Былы Прэфект узгадвае, што калі Папа Францішак даручыў яму гэтае служэнне, ёе даў яму два ўказанні: рэалізоўваць у жыцці Канстытуцыю пра літургію Другога Ватыканскага Сабору, а таксама захаваць літургічную спадчыну Бэнэдыкта XVI.

Як заўважыў сам кардынал Сара, абодва ўказанні скіраваны да аднаго, таму што Бэнэдыкт XVI быў чалавекам, які найглыбей зразумеў Сабор. На яго думку, працяг літургічнай дзейнасці Папы Бэнэдыкта XVI — найлепшы спосаб уцелаўлення сапраўднага духу Другога Ватыканскага Сабору. Разам з тым іерарх прызнаў, што пэўныя ідэолагі імкнуцца супрацьпаставіць дасаборны Касцёл Касцёлу пасля Сабору. «Гэта справа д’ябла», — упэўнены кардынал Рабэр Сара.

Былы Прэфект таксама гаворыць пра значэнне літургіі. У ёй, на яго думку, здзяйсняецца галоўная місія Касцёла, які існуе для таго, каб аддаваць людзей Богу, а Бога даваць людзям.

«Калі літургія хворая, увесь Касцёл пад пагрозай, бо такім чынам яго сувязь з Богам не толькі аслабляецца, але сур’ёзна парушаецца. У такім выпадку Касцёлу пагражае адрыў ад яго вытокаў і ператварэнне ў замкнутую на сабе структуру», — адзначыў іерарх.

Кардынал Сара заўважыў, што сёння шмат гавораць пра рэформу Касцёла, але пры гэтым увесь час гаворка ідзе пра выключна пра людзей.

«Замест таго, каб гаварыць пра нас саміх, давайце лепш звернемся да Бога!» — заклікае ён.

Іерарх падкрэсліў, што Касцёл імкнецца да Бога і скіроўвае нас да Яго.

«Праз вызнанне веры святога Пятра і праз Папу Францішка, праз Другі Ватыканскі Сабор Касцёл паказвае нам шлях да Хрыста. Наданне літургіі яе сакральнага характару, адвядзенне ў ёй месца на цішыню, яе цэлебрацыя час ад часу ad Orientem (у кірунку на Усход), як гэта робіць Папа Францішак у Сікстынскай капэле ці ў Ларэта, — гэта глыбокая і духоўная рэалізацыя вучэння Сабору», — лічыць кардынал.

Ён нагадаў, што ў час свайго служэння ў якасці Прэфекта заўсёды звяртаў увагу на тое, каб літургія была арыентаваная на Хрыста, выразам чаго з’яўляецца скіраванне на Усход або на ўкрыжаванне. «Калі ўсе разам скіраваны да Крыжа, можна пазбегнуць рызыкі сустрэцца тварам у твар з занадта чалавечым і замкнутым у сабе», — лічыць былы Прэфект, прызнаючы, што за гэта яго крытыкавалі і абвінавачвалі ў непадпарадкаванні Сабору.

«Гэта памылка, — упэўнены кардынал Сара. —

Я не лічу, што барацьба паміж прыхільнікамі прагрэсу і кансерватарамі ў Касцёле мае сэнс. Гэта ўсё палітычныя і ідэалагічныя катэгорыі. Адзінае, што важна, гэта заўсёды і штораз глыбей шукаць Бога, сустракацца з Ім і ў пакоры кленчыць перад Ім, каб Яму пакланяцца», — дадаў іерарх.

На пытанне пра будучыню Касцёла ён адказаў, што моцна ўражаны тым, як шмат вернікаў усур’ёз успрымаюць Евангелле і ўсеагульнае пакліканне да святасці. Разам з тым ён падкрэсліў, што Касцёл — прыгожы і святы, нягледзячы на шматлікія грахі яго членаў. На думку пажылога кардынала, сёння Касцёл «перажывае Вялікую пятніцу»: складаецца ўражанне, што яго карабель прапускае ваду з усіх бакоў, што некаторыя здраджваюць яму знутры.

«Я маю на ўвазе страшэнныя злачынствы ксяндзоў-педафілаў. Іншыя паддаюцца спакусе пакінуць карабель Касцёла, каб пайсці за моднымі цяпер тэндэнцыямі. Я маю на ўвазе цяперашнія спакусы ў Германіі на „Сінадальным шляху“.

Можна задумацца над тым, што ж застанецца ад Евангелля, калі ўсё гэта скончыцца. Гэта будзе сапраўднае ціхае адступніцтва», — асцерагае гвінейскі кардынал.

Гаворачы пра свае планы на будучыню, Прэфект-пенсіянер запэўніў, што працягне працу: будзе пісаць, падарожнічаць і сустракацца з людзьмі.

«Касцёлу як ніколі раней патрэбныя біскупы, якія прамаўляюць выразна і свабодна, захоўваючы вернасць Хрысту, а таксама веравучэнню і маральнаму вучэнню Касцёла», — лічыць кардынал Рабэр Сара.

Абноўлена 11.03.2021 14:09
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа