Пошук

11.02.2021 14:22   Паводле: Vatican News

12 лютага спаўняецца 90 гадоў з дня заснавання Ватыканскага радыё. Яго місія з самага пачатку заключалася ў тым, каб быць прыладай Папы ў абвяшчэнні Евангелля і кіраванні Касцёлам.

Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News публікуе асноўныя этапы ў гісторыі папскай радыёстанцыі, пра якія ў артыкуле езуіцкага часопіса La Civiltà Cattolica распавёў кс. Фэдэрыко Ламбардзі SI, Генеральны дырэктар Ватыканскага радыё ў 2005–2016 гг.

Ватыканскае радыё было заснавана ў 1931 г. у кантэксце ўзнікнення Дзяржавы Ватыкан. На той час радыё было перадавой тэхналагічнай прыладай, якая дазваляла ажыццяўляць тэлеграфную і радыёсувязь незалежна ад Італіі.

«Ад самага пачатку свайго існавання Ватыканскае радыё стала інструментам, дзякуючы якому католікі ва ўсім свеце ўпершыню змаглі непасрэдна пачуць голас Папы», — узгадвае ў артыкуле айцец Ламбардзі.

1930-я гг. былі перыядам панавання таталітарных рэжымаў у Еўропе, у сувязі з чым узнікла патрэба ў радыёперадачах на шматлікіх мовах, мэта якіх заключалася ў падтрымцы вернікаў у розных краінах. У 1936 г. Ватыканскае радыё далучылася да Міжнароднага радыёвяшчальнага саюза, каб мець магчымасць без перашкод вяшчаць на ўвесь свет.

Езуіты, якім было даручана кіраванне радыёстанцыяй, клапаціліся не толькі пра яе тэхналагічнае ўдасканаленне, але і заахвочвалі да супрацы сваіх сабратоў рознага паходжання, каб ажыццяўляць вяшчанне на розных мовах. Асаблівае значэнне ў той час мела нямецкая мова.

У перыяд Другой сусветнай вайны Ватыканскае радыё асуджала насілле, падтрымлівала ахвяраў вайны і ўдзельнікаў супраціву, абвяшчала пасланне надзеі.

Асаблівае значэнне набылі радыёзвароты Пія ХІІ з нагоды Божага Нараджэння.

Ватыканскае радыё перадавала інфармацыю пра людзей, якія шукалі сваіх блізкіх, зніклых у віры вайны, распаўсюджвала весткі пра палонных, чые імёны павольна зачытваліся ў эфіры дыктарамі. З 1940 па 1946 гг. было агучана больш за 1,2 млн такіх паведамленняў.

Пасля завяршэння Другой сусветнай вайны папская радыёстанцыя садзейнічала маральнаму і духоўнаму адраджэнню краін, разбураных у ходзе канфлікту.

Асаблівая ўвага звярталася на сітуацыю ва Усходняй Еўропе, якая трапіла пад прыгнёт камуністычных рэжымаў і дзе вернікі падвяргаліся пераследу. У гэтым кантэксце ўзніклі новыя «моўныя» рэдакцыі, сярод якіх беларуская.

У многіх краінах «сацыялістычнага лагеру» праграмы Ватыканскага радыё ўлады «глушылі».

Айцец Ламбардзі заўважыў, што ў адных краінах колькасць слухачоў папскай радыёстанцыі была вялікай, у іншых — меншай. Аднак, згодна з жаданнем Папы, галоўным прынцыпам працы Ватыканскага радыё быў не памер аўдыторыі, а патрэбы слухачоў. Таму мовы краін Усходняй Еўропы складалі палову ад агульнай колькасці моў, на якіх вялося вяшчанне.

У 1970-я гг. Радыё змяніла сядзібу: з Ватыканскіх садоў яно было пераведзена ў прасторны Палац Пія, насупраць рымскага Замка святога Анёла. З’явіліся прамыя эфіры з аўдыенцый, сустрэч, падарожжаў Святога Айца. Папскае радыё далучылася да Еўрапейскага радыёвяшчальнага саюза.

«Ватыканскае радыё стала сапраўдным сэрцам штодзённай камунікацыі Каталіцкага Касцёла, спрыяючы яго адзінству», — падкрэсліў айцец Фэдэрыко Ламбардзі.

Абноўлена 11.02.2021 14:58
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця