Пошук

09.12.2020 14:02   Паводле: Newsru.com / Пераклад: Анастасія Грышан / Catholic.by
Папа Францішак на плошчы Іспаніі 8 снежня 2020 г. Фота: Vigili del Fuoco

У сувязі з пандэміяй Папа Францішак абвясціў пра адпуст для ўсіх, хто прыступіў да сакрамэнту пакаяння на працягу года. Адпушчэнне грахоў даецца «тым, хто пакаяўся, і пры намеры, як толькі магчыма, выканаць тры ўмовы, дома ці ў іншым месцы вымушанага знаходжання, — споведзь, святая Камунія і малітва».

Пра гэта, як паведамляе Newsru.com са спасылкай на ТАСС, гаворыцца ў дэкрэце, якім абвяшчаецца спецыяльны год, прысвечаны святому Юзафу. Дакумент апублікавала Апостальская Пэнітэнцыярыя (адзін з трох трыбуналаў Святога Пасаду, які распараджаецца адпустамі).

Звычайна ў Каталіцкім Касцёле адпусты адбываюцца ў юбілейныя гады, якія праходзяць кожныя 25 гадоў. Папы перыядычна абвяшчаюць пазачарговыя юбілейныя гады. Так, Папа Францішак абвяшчаў пазачарговы юбілейны Год міласэрнасці, які працягваўся з 8 снежня 2015 г. да 20 лістапада 2016 г.

Раней сёлета, у адпаведнасці з пастановамі Апостальскай Пэнітэнцыярыі, ужо быў устаноўлены адпуст, які датычыцца перадусім хворых на каранавірус і медыкаў.

«У дадзеным кантэксце надзвычайнай санітарнай сітуацыі абвяшчэнне адпусту асабліва распаўсюджваецца на пажылых, хворых, паміраючых і церпячых, а таксама на тых, хто з сур’ёзных прычын не можа выйсці з дому», — гаворыцца ў дэкрэце.

Пантыфік таксама нагадаў, што ў народзе св. Юзафа лічаць «апекуном добрай смерці».

У гаміліі, якую Папа прамовіў 8 снежня з нагоды ўрачыстасці Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, ён адзначыў неабходнасць захоўваць усе нормы і правілы, якія ўстанаўліваюць улады для недапушчэння распаўсюджання каранавірусу.

Ён патлумачыў, што менавіта з мэтай недапушчэння вялікай колькасці людзей было вырашана адмовіцца ад яго традыцыйнай паездкі ў другой палове дня на плошчу Іспаніі для ўскладання вянка да фігуры Маці Божай. Пантыфік зрабіў гэта нечакана раніцай, калі на вуліцах горада нікога не было.

«Але гэта не перашкаджае прынесці Маці Божай такія кветкі, якія для Яе каштоўныя больш за ўсё: малітву, справы міласэрнасці і сэрца, адкрытае для прабачэння»,

— сказаў Папа.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.