Пошук

08.12.2020 17:41   Паводле: Vatican News
Фота: Fred de Noyelle / GoDong

8 снежня быў апублікаваны Апостальскі ліст Папы Patris corde («Бацькоўскім сэрцам»), прысвечаны 150-годдзю прызнання святога Юзафа апекуном Каталіцкага Касцёла.

Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Пантыфік, ушаноўваючы рашэнне благаслаўлёнага Папы Пія IX, агучанае ў дэкрэце Quemadmodum Deus 1870 г., абвясціў у Касцёле адмысловы Год святога Юзафа.

Ён будзе працягвацца з 8 снежня 2020 г. па 8 снежня 2021 г.

Як напісаў у Апостальскім лісце Папа, пандэмія COVID-19 прымусіла нас зразумець важнасць звычайных людзей, тых, хто далёка не ў цэнтры ўвагі, кожны дзень праяўляе цярпенне і ўсяляе надзею, сеючы сумесную адказнасць. Яны, па яго словах бяруць прыклад са св. Юзафа, «чалавека, які застаецца незаўважаным, чалавека штодзённай прысутнасці, стрыманай і схаванай», «беспрэцэдэнтнага героя ў гісторыі збаўлення».

Пантыфік дадае, што св. Юзаф праявіў айцоўства, «зрабіўшы жыццё дарам сябе ў любові, пакладзеным на служэнне Месіі», і менавіта таму яго «заўсёды любіў хрысціянскі люд».

У ім, як піша Папа, «Езус убачыў пяшчоту Бога», якая «дапамагае нам прымаць сваю слабасць».

Бог «не асуджае нас, але вітае, абдымае, падтрымлівае і даруе». Юзаф таксама з’яўляецца бацькам, паслухмяным Богу: сваім Fiat ён ратуе Марыю і Езуса, вучыць Сына «выконваць волю Айца», супрацоўнічаючы «ў вялікай таямніцы Адкуплення».

У той жа час, адзначыў Пантыфік, Юзаф з’яўляецца «бацькам, які вітае»; ён «прымае Марыю без папярэдніх умоў» — важны жэст у нашым свеце, дзе прысутнічае «псіхалагічны, вербальны і фізічны гвалт над жанчынамі».

Але сужэнец Марыі — гэта і той, хто, давяраючы Пану, вітае «мужна і моцна» падзеі, якія не да канца разумее, напісаў пастыр паўсюднага Касцёла. Па яго словах, праз св. Юзафа Бог як бы кажа нам: «Не бойцеся!», бо «вера надае сэнс кожнай шчаслівай ці сумнай падзеі»; на яго прыкладзе Пан «запрашае нас прымаць іншых, без выключэння, такімі, якія яны ёсць», «аддаючы перавагу слабым».

Папа Францішак падкрэслівае «творчую мужнасць» святога, які «ведае, як ператварыць праблему ў магчымасць, заўсёды давяраючы Провіду». Ён сутыкаецца з «канкрэтнымі праблемамі» сваёй сям’і, гэтак жа, як сёння многія сем’і ў свеце, асабліва мігранты.

Апякун Езуса і Марыі «не можа не быць апекуном Касцёла», ад яго трэба вучыцца «любіць Касцёл і бедных», піша Пантыфік.

Па яго словах, сумленны цясляр таксама вучыць нас таму, як з годнасцю і радасцю «есці хлеб, які з’яўляецца плёнам працы». Тут Папа нагадаў аб праве на працу, што стала сёння «надзённай сацыяльнай праблемай» нават у краінах з высокім узроўнем дабрабыту.

«Трэба зразумець сэнс працы, якая надае годнасць», якая «становіцца ўдзелам у справе збаўлення» і «магчымасцю рэалізацыі» для сябе і сваёй сям’і, адзначыў Пантыфік. Ён заклікаў «нанава адкрыць каштоўнасць, важнасць і неабходнасць працы», каб закласці асновы «новай нармальнасці, дзе нікога не выключаюць». «Ніводзін малады, ніводзін чалавек, ніводная сям’я без працы!» — такі дэвіз прапанаваў Папа для сённяшняга свету.

«Бацькамі не нараджаюцца, імі становяцца», — заўважыў Святы Айцец. Ён дадаў, што, на жаль, у сучасным грамадстве «бацькі часта пакідаюць дзяцей сіротамі», «Касцёл сёння таксама мае патрэбу ў айцах».

«Быць бацькам азначае ўвесці дзіця ў жыццё, у рэальнасць. Не для таго, каб захаваць яго, заняволіць, валодаць ім, але каб зрабіць яго здольным да выбару, свабоды і шляху», — напісаў Папа.

Па яго словах, шчасце Юзафа заключаецца «ў логіцы не ахвяры, а дару».

«Мы ніколі не бачым расчаравання ў гэтым чалавеку, толькі давер. <...>

Свет мае патрэбу ў бацьках, ён адкідае гаспадароў: тых, хто хоча выкарыстаць уладанне іншым для запаўнення сваёй унутранай пустэчы; тых, хто блытае ўладу з аўтарытарызмам, служэнне — з прыслужніцтвам, дыскусію — з прыгнётам, міласэрнасць — з гіперапекай, сілу — з разбурэннем», — напісаў пастыр паўсюднага Касцёла.

Папа падкрэсліў, што «сапраўднае пакліканне нараджаецца з прынясення сябе ў дар», і такая сталасць патрэбная і ў святарстве і кансэкраваным жыцці. На думку Пантыфіка, калі пакліканне «не дасягае сталасці дару сябе, спыняючыся толькі на логіцы ахвяры, замест таго, каб быць знакам прыгажосці і радасці любові, яно можа выражаць няшчасце, смутак і расчараванне».

Мэтай свайго Апостальскага ліста Папа называе тое, каб «выклікаць большую любоў да гэтага вялікага святога, заахвоціць да прашэння аб яго заступніцтве і пераймання яго цнотаў і прыхільнасці».

Абноўлена 06.12.2021 21:11
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа