Пошук

25.11.2021 11:10   Catholic.by

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

ПРЫНЯЦЬ БОЖАЕ ДЗІЦЯ — У СВОЙ БЭТЛЕЕМ!

Пастырскае пасланне нa Aдвэнт 2021 г.

Паважаныя святары, кансэкраваныя асобы, дарагія браты і сёстры!

Сёння, у Першую нядзелю Адвэнту мы распачынаем час падрыхтоўкі да святаў Божага Нараджэння. Гэта радасны час, бо мы чакаем прыйсця праўдзівага Святла, што асветліць шлях, якім крочыць чалавек, каб ён ужо больш не хадзіў у цемры і не блукаў. Гэтым Святлом, як мы ведаем, з’яўляецца Езус, народжаны ў Бэтлееме (пар. Лк 2, 22–40).

Таму Каталіцкі Касцёл, наша Маці, штогод запрашае сваіх вернікаў і людзей добрай волі да малітоўнага вандравання на сустрэчу надыходзячага Бога. Мы ведаем, што гэта не просты шлях, не простае заданне, але яно вельмі важнае, бо вядзе нас да збаўлення. Каб адолець гэты шлях, мы павінны запрасіць і паставіць Бога ў цэнтры нашага жыцця, так, як гэта зрабілі Найсвяцейшая Панна Марыя і святы Юзаф, Яе абраннік.

Умілаваныя! Той самы Хрыстус, які нарадзіўся ў Бэтлееме, прыходзіць да нас у таямніцы Божага Нараджэння.

Радасць чакання памнажае радасць будучай сустрэчы, таму мы, асабліва нашыя дзеці і моладзь, удзельнічаем у святых Імшах, традыцыйна называных Раратнімі.

У адвэнтавых спевах таксама адлюстроўваецца нашае імкненне — з надзеяй і любоўю — сустрэць надыходзячага Збаўцу. Але мы павінны не толькі радасна чакаць самі, але і дзяліцца гэтай радасцю Евангелля з іншымі, як гэта раіць чыніць святы апостал Павел у сённяшнім Божым слове. Апостал паведамляе жыхарам Тэсалонікі пра самыя глыбокія жаданні свайго сэрца. Ён заклікае іх любіць адзін аднаго і ўзрастаць ва ўзаемнай любові. Ён хоча, каб яны мелі вялікія і высакародныя сэрцы, якія ў служэнні іншым людзям не звяртаюць увагі на свой час і намаганні.

Мае дарагія! Хрысціянскае жыццё павінна пастаянна ўзрастаць у любові.

Бог хоча, каб мы былі адданымі, вернымі, чулымі, поўнымі любові. Ён прагне, каб мы былі святымі, каб былі цалкам Ягонымі.

З дзяцінства веруючыя бацькі вучаць нас дабрыні і міласэрнасці, а Касцёл выхоўвае ў нас таксама хрысціянскую свядомасць. Менавіта хрысціянская свядомасць неабходнасці дапамагаць бліжняму натхняе нас, каб мы не забывалі пра тых, хто церпіць голад і холад ці знаходзіцца ў якой-небудзь патрэбе. Таму нашую любоў мы праяўляем не толькі да нашых блізкіх, да братоў і сясцёр па веры, але мы гатовы дапамагаць таксама ўсім, каму патрэбна наша падтрымка, не зважаючы на веравызнанне, нацыянальнасць ці іншую адметнасць (пар. Fratelli tutti). Бог не пагарджае ніводным чалавекам. Такім чынам, услед за папам Францішкам, зазначу, што хрысціянская супольнасць павінна быць для ўсіх людзей «месцам», дзе можна лепш навучыцца ўзаемнай любові і салідарнасці.

Менавіта час Адвэнту, час падрыхтоўкі да Божага Нараджэння дае нам шмат магчымасцяў ахвяраваць бліжняму любячае сэрца, працягнуць руку дапамогі, падтрымаць добрым словам у цяжкую хвіліну. Такім чынам мы можам лепш падрыхтавацца да сустрэчы з Богам, які з любові да нас стаў Чалавекам і нарадзіўся ў Бэтлееме.

У апостальскім лісце Admirabile signum («Цудоўны знак») папа Францішак падкрэслівае значэнне і вартасць бэтлеемскіх ясляў. Ён піша, што «Стаенка — нібы жывое Евангелле, якое сыходзіць са старонак Святога Пісання. Праз сузіранне сцэны Божага Нараджэння мы запрошаныя да духоўнага падарожжа, прывабленыя пакораю таго, хто стаўся чалавекам, каб сустрэць кожнага чалавека. Мы ўсведамляем, што Ён настолькі нас любіць, што становіцца адным з нас, каб і мы маглі ўтварыць з Ім адно» (AS 1).

Падчас барацьбы з эпідэміяй і многімі іншымі жыццёвымі цяжкасцямі нашага грамадства давайце станем на шлях духоўнай пілігрымкі ў Бэтлеем, бо там чакае Езус, які хоча сустрэць і напоўніць кожнага з нас сваім святлом і любоўю.

Адвэнт — гэта прыдатны час, каб скіраваць свае вочы, розум і сэрца ў Бэтлеем. Узорам і прыкладам у гэты святы час Адвэнту, і асабліва ў Год святога Юзафа, які, дарэчы, ужо завяршаецца, з’яўляецца менавіта абраннік Найсвяцейшай Панны Марыі і апякун Дзіцяці Езуса — святы Юзаф.

Святы Юзаф праявіў незвычайнае айцоўства, зрабіўшы жыццё дарам самога сябе ў любові, дарам, ахвяраваным служэнню Збаўцу. У ім Езус убачыў пяшчоту Бога, якая дапамагае нам прымаць сваю слабасць. Юзаф таксама з’яўляецца айцом, паслухмяным Богу: сваім «так» ён ратуе Марыю і Езуса, вучыць Сына выконваць волю Айца, супрацоўнічаючы ў вялікай таямніцы Адкуплення.

Трэба сказаць, што святы Юзаф як сужэнец Марыі — гэта і той, хто, давяраючы Пану, прымае мужна і адважна падзеі, якія да канца не разумее. Праз святога Юзафа Бог нібы кажа нам: «Не бойцеся!», бо вера надае сэнс кожнай шчаслівай ці сумнай падзеі. На яго прыкладзе Бог запрашае нас прымаць іншых: без выключэння, такімі, якія яны ёсць, аддаючы перавагу слабым і безабаронным.

Адначасова асоба святога Юзафа падкрэслівае творчую мужнасць: ён ведае, як перамяніць праблему ў магчымасць, заўсёды давяраючы Божаму Провіду.

Юзаф сутыкаецца з канкрэтнымі праблемамі сваёй сям’і, гэтак жа, як сёння многія сем’і ў свеце.

Юзаф як сумленны цясляр вучыць з годнасцю і радасцю спажываць хлеб, плён нашай працы. Трэба зразумець сэнс працы, якая надае годнасць, якая становіцца ўдзелам у справе збаўлення і магчымасцю рэалізацыі для сябе і сваёй сям’і.

Мае дарагія, мы неаднойчы чулі выказванне: «Бацькамі не нараджаюцца, імі становяцца». Быць айцом азначае дастойна выхаваць і ўвесці дзіця ў жыццё, у рэальнасць. Не для таго, каб захаваць яго, але каб зрабіць яго здольным да выбару, свабоды і шляху. Таму слушна можна заўважыць, — падкрэслівае папа Францішак, — што ў асобе святога Юзафа мы ніколі не бачым расчаравання — толькі давер, бо шчасце Юзафа заключаецца ў логіцы не ахвяры, а дару.

Любыя майму сэрцу святары, законныя сёстры і браты, семінарысты і пакліканыя Панам! Святы Юзаф заклікае нас і адначасова сведчыць сваім жыццём, што сапраўднае пакліканне нараджаецца з ахвяравання самога сябе ў дар. Менавіта такая сталасць патрэбна ў святарстве і ў кансэкраваным жыцці. Калі пакліканне не дасягае сталасці дару самога сябе, спыняючыся толькі на логіцы ахвяры, замест таго, каб быць знакам прыгажосці і радасці любові, яно можа стаць прычынаю няшчасця, смутку і нават расчаравання.

Вера, надзея, любоў — стрыжань жыцця святога Юзафа, яго адданасці Богу. А адданасць святога Юзафа складаецца з вернай любові, любячай веры і даверлівай надзеі.

І Адвэнт — добрая нагода для кожнага з нас нанава аддаць сябе хрысціянскаму пакліканню, якім кожнага з нас адорвае Бог, каб мы маглі, нягледзячы на нашыя памылкі і слабасці, заставацца ў Божых руках, трываць на шляху вернасці да канца

(паводле св. Хосэмарыі Эскрывы).

Дарагія архідыяцэзіяне, браты і сёстры! «Устань, вазьмі Дзіця і Маці Яго» (Мц 2, 13), — кажа Бог святому Юзафу. Згадзіцеся, вельмі простае заданне, аб якім мы чытаем у Евангеллі. І сапраўды, асаблівая місія святых заключаецца не толькі ў здзяйсненні цудаў і выпрошванні ласкаў. Святыя дапамагаюць у імкненні дасягнуць святасці і дасканаласці свайго стану. Жыццё святых з’яўляецца канкрэтным доказам таго, што можна жыць Евангеллем. Святы Павел выразна заахвочваў: «Дык прашу вас, наследуйце мяне!» (1 Кар 4, 16). Сваім вымоўным маўчаннем, а яшчэ больш прыкладам жыцця, святы Юзаф кажа пра тое ж кожнаму з нас: «Наследуйце мяне!»

Мае дарагія! Маючы асаблівы прыклад святога Юзафа, мы можам і павінны прасіць яго: навучы нас выконваць волю Айца, навучы ратаваць, супрацоўнічаць у вялікай таямніцы Адкуплення. Дапамажы, калі настане час, прыняць Бога ў сваё сэрца і дом — прытуліць Божае Дзіця ў сваім асабістым Бэтлееме.

На радаснае крочанне Адвэнтавым шляхам насустрач надыходзячаму Пану, давяраю ўсіх вас апецы Марыі, і Яе абранніку, а нашаму абаронцу і спадарожніку — святому Юзафу.

У Імя Айца, † і Сына i Духа Святога. Амэн.

✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Mітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Мінск, 21 лістапада 2021 года,
Урачыстасць Езуса Хрыста, Валадара Сусвету.

P.S. Шаноўных святароў прашу прачытаць гэтае пасланне вернікам у Першую нядзелю Адвэнту, 28 лістапада 2021 г.

Абноўлена 25.11.2021 11:15
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа