Пошук

18.11.2021 11:37   Паводле: Vatican News
Ілюстрацыйнае фота: lalucedimaria.it

Падчас агульнай аўдыенцыі, якая 17 лістапада прайшла ў ватыканскай Зале Паўла VI, Папа Францішак распачаў новы катэхетычны цыкл, прысвечаны святому Юзафу.

Як паведамляе Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Пантыфік нагадаў, што 8 снежня 1870 года благаслаўлёны Пій ІХ абвясціў святога Юзафа апекуном паўсюднага Касцёла, і цяпер, у сувязі са 150-й гадавінай гэтай падзеі, праходзіць спецыяльны год, прысвечаны зямному апекуну Збаўцы.

Святы Айцец перадусім падкрэсліў, што ў актуальны крызісны час святы Юзаф можа стаць «падтрымкай, суцяшэннем і правадыром» і выказаў надзею на тое, што новы цыкл катэхез дапаможа кіравацца яго прыкладам і сведчаннем.

Папа заўважыў, што імя Юзаф на габрэйскай мове значыць «Бог дадасць». Яно паказвае галоўны аспект асобы Абранніка Панны Марыі, які быў чалавекам, напоўненым верай у Божы Провід: «Кожнае яго дзеянне, апісанае ў Евангелле, адзначалася ўпэўненасцю ў тым, што Бог «дапамагае ўзрасціць», Бог «павялічвае», Бог «дадае», гэта значыць, што Бог клапоціцца пра спаўненне сваёй задумы збаўлення».

Важную ролю ў разуменні асобы святога Юзафа адыгрываюць таксама галоўныя геаграфічныя мясціны, якія датычацца яго асобы: Бэтлеем і Назарэт. У Старым Запавеце горад Бэтлеем называецца Beth Lechem — «Дом хлеба», або Эфрата, па назве племені, якое насяляла гэтую тэрыторыю. На арабскай мове Бэтлеем значыць «Дом мяса», магчыма ў сувязі з тым, што ў рэгіёне было шмат статкаў авечак і коз.

«Невыпадкова, насамрэч, што калі нарадзіўся Езус, пастухі былі першымі сведкамі гэтай падзеі», — заўважыў Пантыфік, а таксама нагадаў, што такія параўнанні ў святле гісторыі Хрыста адсылаюць да таямніцы Эўхарыстыі: Езус – жывы Хлеб, які сышоў з неба.

Бэтлеем шмат разоў згадваецца ў Бібліі, пачынаючы з Кнігі Быцця. З гэтым горадам звязана гісторыя Руты, нашчадкам якой быў кароль Давід, продак святога Юзафа. Папа спаслаўся таксама на прароцтва Міхея, які прадвяшчаў, што валадар Ізраэля прыйдзе менавіта з Бэтлеема. Евангеліст Мацвей, у сваю чаргу, суадносіў гэтае прароцтва з гісторыяй Езуса.

Папа Францішак звярнуў увагу на тое, што Божы Сын выбраў у якасці месца свайго ўцелаўлення не Ерузалем, а Бэтлеем і Назарэт — «два перыферыйныя мястэчкі, у далечыні ад гучных падзей і тагачаснай улады». У Ерузалеме, «святым горадзе», выбраным Богам, сяліліся настаўнікі Закона, кніжнікі і фарысеі, першасвятары і старэйшыны народа, — зазначыў Святы Айцец.

«Выбар Бэтлеема і Назарэта кажа нам, што Бог аддае перавагу перыферыям і ўскраінам <…> Не прымаць сур’ёзна гэтай рэальнасці значыць не ўспрымаць усур’ёз Евангелле і Божую справу, якая працягвае аб’яўляцца на геаграфічных і экзістэнцыяльных перыферыях», — сказаў Папа, нагадваючы, што і Езус прабываў у такіх месцах: шукаў грэшнікаў, уваходзіў у іх дамы, размаўляў з імі, заклікаў да навяртання.

На думку Пантыфіка, Касцёл пакліканы наследаваць гэты прыклад і абвяшчаць Добрую навіну, пачынаючы з перыферый. Юзаф, які быў цесляром з Назарэта, нагадвае Касцёлу, «каб скіроўваў позірк на тое, што свет ахвотна ігнаруе», — падкрэсліў Святы Айцец.

«Сёння святы Юзаф вучыць нас: „Не глядзіце шмат на тое, што свет праслаўляе, глядзіце ў куты, у цені, на перыферыі, на тое, чаго свет не хоча“. Ён нагадвае кожнаму з нас цаніць тое, што іншыя не прымаюць. У гэтым сэнсе ён — сапраўдны настаўнік істотнага: нагадвае нам, што па-сапраўднаму каштоўнае не прываблівае нашай увагі, але патрабуе цярплівага распазнання, каб адкрыць і ацаніць гэта <…> Папросім яго аб заступніцтве, каб увесь Касцёл вярнуў сабе такі позірк, гэтую здольнасць распазнаваць і цаніць істотнае. Вырушым з Бэтлеема, вырушым з Назарэта», — заклікаў пастыр паўсюднага Касцёла.

Папа Францішак дадаў, што жадае скіраваць гэтае пасланне да ўсіх людзей, якія жывуць на самых забытых геаграфічных перыферыях свету і перажываюць сітуацыі экзістэнцыяльнай маргіналізацыі, «каб яны маглі знайсці ў святым Юзафе сведку і абаронцу, у якога трэба ўглядацца».

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.