Пошук

06.11.2020 16:13   Паводле: КАІ / Catholic.by
Фота: Reuters

5 лістапада асабісты сакратар Бэнэдыкта XVI арцыбіскуп Георг Генсвайн паведаміў італьянскаму штотыднёвіку Oggi, што Папа на пенсіі адчувае сябе добра для свайго ўзросту.

Як са словаў арцыбіскупа Генсвайна перадае Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, хоць Бэнэдыкт XVI слабы і ціха гаворыць, аднак яго розум застаецца ясным. Асабісты сакратар Папы на пенсіі яшчэ раз запэўніў, што інфармацыя пра дрэнны стан яго здароўя, якая раней з’явілася ў некаторых СМІ, не была праўдзівай.

Бэнэдыкт XVI штодзённа цэлебруе святую Імшу, моліцца, прымае яшчэ некалькіх наведвальнікаў, чытае, аналізуе, слухае музыку і перапісваецца.

Разам з тым распарадак яго дня стаў больш павольным.

Папу на пенсіі ўжо 93 гады і яму даводзіцца часцей адпачываць, бо ў яго ўсё менш сіл, зазначыў арцыбіскуп Генсвайн, дадаўшы, што Бэнэдыкт XVI у добрым настроі і спакойны. Карыстаючыся аўтамабільнай тэрміналогіяй, можна сказаць, што ён «пераключыўся» з трэцяй на першую перадачу.

Цяпер, пасля трохмесячнага перапынку ён зноў у сваіх «хадунках» выходзіць на шпацыр па Ватыканскіх садах. Бэнэдыкт XVI адпачывае пасля чэрвеньскай паездкі ў Германію, дзе ён наведаў свайго хворага брата ксяндза Георга Ратцынгера незадоўга да яго смерці. Ён таксама ачуняў ад герпесу, ад якога моцна пакутваў падчас падарожжа.

У інтэрв’ю міланскаму штотыднёвіку Oggi («Сёння») арцыбіскуп Генсвайн нагадаў таксама пра адрачэнне Бэнэдыкта XVI ад папскага пасаду ў лютым 2013 года. Асабісты сакратар прызнаўся, што ведаў пра гэта яшчэ ў верасні 2012 года, аднак Папа прасіў яго трымаць гэта ў таямніцы. «Тое, што мне было даверана, я трымаў глыбока ў сэрцы, аднак увесь час адчуваў, як гэтае веданне мяне прыгнятала», — дадаў арцыбіскуп Георг Генсвайн.

Абноўлена 06.11.2020 17:35
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця