Пошук

09.10.2020 09:09   Паводле: Riccardo Benotti / SIR / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
Ілюстрацыйная выява: ANSA / SIR

«Мы не павінны быць фундаменталістамі ні ў навуцы, ані ў рэлігіі», — лічыць езуіт Гай Кансалманьё, дырэктар Ватыканскай абсерваторыі.

У размове з інфармацыйным агенцтвам SIR, апублікаванай 8 кастрычніка, навуковец пракаментаваў прысуджэнне Нобелеўскай прэміі па фізіцы Роджэру Пэнроўзу, Рэйнхарду Генцэлю і Андрэі Гез за даследванні чорных дзір і іх уплыву на разуменне механізмаў, якія кіруюць сусветам.

Выказаўшы задавальненне сёлетнім выбарам лаўрэатаў, брат Гай нагадаў, што ангійскі даследчык Пэнроўз браў удзел у арганізаваным у 2017 г. Ватыканскай абсерваторыяй сімпозіуме ў гонар Жоржа Лемэтра, чыя касмалогія стала асноваю для фармулёўкі тэорыі Вялікага выбуху.

«Пэнроўз і Стывен Хокінг, які таксама заслугоўвае прэміі, але, на жаль, яе нельга прысудзіць пасмяротна, заклалі тэарэтычныя асновы для зразумення чорных дзір у межах агульнай тэорыі адноснасці Эйнштэйна», — тлумачыць ватыканскі астраном. Кажучы пра ўнёсак іншых двух лаўрэатаў, навуковец зазначыў, што нават найлепшыя тэорыі павінны пацвярджацца з дапамогаю назіранняў, што і зрабілі немец Генцэль і амерыканка Гез.

Брат Гай Кансалманьё растлумачыў, што немагчыма ўбачыць чорныя дзіры, падобна да таго, як ніхто не бачыў Бога, але мы ведаем, што Ён існуе, таму што мы бачым Яго прысутнасць у тым, што Ён стварыў, і ў Езусе.

Магчыма заўважыць толькі цень чорнай дзіры, які зафіксаваў у 2019 г. тэлескоп Далягляду падзей (Event Horizon Telescope), а таксама тое, як яна ўплывае на аб’екты вакол яе, і менавіта гэта ўдалося назіраць Гензэлю і Гез. Ватыканскі астраном адзначыў, што кожнае навуковае пазнанне падобнае да ніткі ў габелене сусвету, як і кожнае малітоўнае памкненне і кожнае спасціжэнне Святога Пісання магчыма ацаніць толькі ў шырэйшым кантэксце гісторыі збаўлення.

Брат Гай Кансалманьё SI. Фота: Marco Calvarese / SIR

На пытанне пра тое, ці магчыма навуковы прагрэс пагадзіць з верай, дырэкатар Ватыканскай абсерваторыі адказаў, што веру неабходна пастаянна стымуляваць да росту праз адкрыццё дзеяння Бога ў фізічным свеце. На яго думку, кожная рэальнасць патрабуе іншай, каб дапоўніць тое, чаго яна сама зрабіць не ў стане.

«Навука можа ачысціць рэлігію ад памылак і забабонаў; рэлігія ж можа ачысціць навуку ад ідэалогіі і фальшывых абсалютаў, — сказаў брат Гай, цытуючы святога Яна Паўла ІІ. — У Святым Пісанні шмат месцаў, якія нагадваюць нам, што Бог стварыў фізічны свет і што па сутнасці „нябёсы абвяшчаюць хвалу Бога“. Таму чым больш мы даследуем сусвет, тым больш набліжаемся да Стварыцеля.

Акрамя таго, як нагадаў нам святы Ян Павел ІІ, мы не можам баяцца таго, чаго можам навучыцца ў навуцы, бо „праўда не супярэчыць праўдзе“. Але разам з тым мы не павінны думаць, што праўда абмяжоўваецца толькі тым, што мы даведваемся з навукі.

Мы не павінны быць фундаменталістамі ні ў навуцы, ані ў рэлігіі. Праблема фундаменталізму заключаецца не ў тым, што ён бывае правільным або памылковым, але ў тым, што ён — няпоўны.

Ён прымушае думаць, што ўсялякая праўда, якую мы сёння маем, з’яўляецца канчатковай, і так мы закрываем вочы на лепшае разуменне Бога. Такая навука бясплодная, такая вера ніколі не вырасце, а значыць не павялічыцца нашая любоў да сусвету і да Таго, хто яго стварыў:Таго, хто з’яўляецца дарогай, праўдай і жыццём», — падкрэсліў амерыканскі езуіт.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа