У новым навучальным годзе з верасня па сакавік 2022 года ў Навагрудку будзе праходзіць адмысловы курс для тых, хто жадае паглыбіць свае рэлігійныя веды.
Курс разлічаны на ўсіх хрысціянаў, асабліва католікаў, якія жадаюць паглыбіць свае веды ў галіне гісторыі Касцёла, фундаментальнага багаслоўя, новых рэлігійных рухаў, быць у курсе сучасных маральных праблем, разумець небяспеку гендарнай ідэалогіі і акультызму.
Мэта заняткаў — развіваць хрысціянскі светапогляд вернікаў, супрацьстаяць распаўсюджванню антыхрысціянскіх поглядаў і тэндэнцый, дапамагаць не паддавацца злу і спакусам.
У межах курсу прадугледжаны дыскусійныя сустрэчы з цікавымі людзьмі. Неад’емнай часткай заняткаў стане супольная малітва: святая Імша і адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту.
Курс складаецца з сямі сустрэч; кожная сустрэча-з’езд будзе адбывацца раз на месяц пры касцёле святога Міхала Арханёла ў Навагрудку.
Заняткі будуць праходзіць у наступныя дні:
- 24–25 верасня
- 22–23 кастрычніка
- 5–6 лістапада
- 3–4 снежня
- 28-29 студзеня
- 25–26 лютага
- 25–26 сакавіка
Ніжэй пададзены некаторыя з запланаваных для разгляду тэм:
- гісторыя Касцёла: Крыжовыя паходы, інквізіцыя, контррэфармацыя, багацці Касцёла, беспамылковасць Рымскага Пантыфіка;
- фундаментальнае багаслоўе: верагоднасць Божага Аб’яўлення, верагоднасць Касцёла, паняцце цуду
- новыя рэлігійныя рухі: новыя пратэстанцкія плыні, рэлігійны сінкрэтызм, сучасныя секты;
- маральнае багаслоўе: маральны індэферэнтызм, праявы секулярнага грамадства, гендарная ідэалогія;
- філасофія: вытокі сучасных ідэалогій, праявы гэтых ідэалогій у грамадстве, культуры, літаратуры, СМI.
- багаслоўе духоўнасці: асновы духоўнага жыцця хрысціяніна
- небяспекі акультызму
На заканчэнне курсу слухачы атрымаюць дыплом «Абаронца веры».