Пошук

01.10.2020 09:07   Паводле: Vatican News
Святы Геранім. Мастак Дамэніко Гірландаё. Фрагмент / altervista.org

30 верасня ў Ватыкане быў абнародаваны Апостальскі ліст Scripturæ Sacræ Affectus (Любоў да Святога Пісання), які Папа Францішак прысвяціў 1600-годдзю з дня смерці св. Гераніма, перакладчыка Бібліі на лацінскую мову і яе папулярызатара.

Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, у ім Папа паказаў на вялікую своечасовасць перакладу св. Гераніма і спалучэнне ў яго жыцці поўнай адданасці Богу і аскетызму з настойлівым вывучэннем Святога Пісання, сканцэнтраваным выключна на ўсё больш поўным разуменні таямніцы Бога. Святы служыў такім чынам супольнасці і стаў сапраўдным узорам сінадальнасці для нашага часу

Падкрэсліваючы любоў св. Гераніма да Бібліі, Папа Францішак заахвоціў вернікаў адкрыць для сябе Стары Запавет.

Нагадваючы пра імклівы характар святога, ён адзначыў, што «Геранім — гэта ўзор непахіснага сведкі праўды, які выкарыстоўвае суровасць папрокаў, каб прывесці да навяртання. Інтэнсіўнасць выразаў і вобразаў сведчыць пра мужнасць слугі, які хоча спадабацца не людзям, а выключна свайму Пану».

Святы Айцец падкрэсліў, што гарачая любоў Гераніма да Святога Пісання прасякнута паслухмянасцю. Перш за ўсё Богу, але і тым, хто ў Касцёле прадстаўляе жывую традыцыю інтэрпрэтацыі аб’яўленага паслання.

Папа таксама звярнуў увагу на важнасць удасканалення доследаў Бібліі і распаўсюджвання біблейскіх ведаў не толькі сярод святароў і катэхетаў, але і сярод усіх хрысціянаў, каб яны маглі перадаць Божае слова сваім дзецям з усёй яго прыгажосцю.

Папа Францішак нагадаў пра важнасць перакладу Святога Пісання на лацінскую мову, які атрымаў назву «Вульгата», а таксама ўказаў на вялікую каштоўнасць перакладчыцкай працы, якая з’яўляецца ўзбагачэннем для ўсяго Касцёла.

«Біблія павінна пастаянна перакладацца на мову і мысленне кожнай культуры і пакалення, уключаючы глабальную, секулярызаваную культуру нашага часу», — сцвярджае Святы Айцец.

Пантыфік дадаў, што перакладчык — гэта будаўнік мастоў. «Колькі неабдуманых меркаванняў, колькі асуджэння і канфліктаў вынікае з таго, што мы не ведаем мовы іншых і з настойлівай надзеяй не ставімся да гэтага бясконцага выпрабавання любоўю, якім з’яўляецца пераклад!» — адзначыў ён.

Пастыр паўсюднага Касцёла звярнуў увагу на трывалыя сувязі св. Гераніма з Апостальскай Сталіцай і на той факт, што адукацыя і вучоба былі для яго пастаянным захапленнем, штодзённай задачай.

Папа Францішак з жалем заўважыў, што сёння «маладым людзям цяжка зразумець, што рэлігійны пошук можа стаць захапляльнай прыгодай», і што адной з сучасных праблем з’яўляецца непісьменнасць.

Выходзіць на пошукі сваёй спадчыны — з такім заклікам Святы Айцец звярнуўся да маладых людзей.

«Хрысціянства робіць вас спадкаемцамі непараўнальнай культурнай спадчыны, якой вы павінны валодаць. Адчуйце захапленне ад гэтай вашай гісторыі. Адважцеся зірнуць на гэтага няўрымслівага юнака Гераніма, які, як і той у прыпавесці Езуса, прадаў усё, чым валодаў, каб набыць „каштоўную пярліну“ (пар. Мц 13, 46)», — напісаў Папа Францішак.

Святы Айцец заахвоціў вернікаў любіць тое, што любіў Геранім, які і сёння вучыць нас, што любоў Хрыста «неаддзельная ад сустрэчы з Яго словам».

Абноўлена 01.10.2020 13:39
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.