У пасланні Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў да старшыняў Канферэнцый каталіцкіх біскупаў адзначаецца неабходнасць вяртання да нармальнага хрысціянскага жыцця, дзе гэта дазваляе крызісная сітуацыя ў сферы аховы здароўя.
Як паведамляе Сatholic-kazakhstan.org са спасылкай на англійскую рэдакцыю парталу Vatican News, у пасланні, якое мае назву «Вернемся да Эўхарыстыі з радасцю!», дадаецца, што ўдзел у «віртуальнай» Імшы не можа быць параўнальны з фізічнай прысутнасцю вернікаў на літургіі.
«Віртуальная» Імша не заменіць жывога ўдзелу
«Існуе пільная неабходнасць вярнуцца да нармальнага хрысціянскага жыцця праз фізічную прысутнасць вернікаў на Імшы, калі гэта дазваляюць абставіны», — лічыць прэфект Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў кардынал Рабэр Сара.
Іерарх сцвярджае, што «віртуальнае» набажэнства не можа параўнацца з асабістым удзелам у літургіі і замяніць яго
Вымярэнне супольнасці ў хрысціянскім жыцці
«Пандэмія, выкліканая новай інфекцыяй каранавірусу, прывяла да патрасенняў не толькі ў сацыяльных і сямейных адносінах, але і ў жыцці хрысціянскай супольнасці, у тым ліку ў літургічным вымярэнні», — піша кардынал.
Па яго словах, «вымярэнне супольнасці мае тэалагічнае значэнне: Бог з'яўляецца адносінамі асобаў унутры Найсвяцейшай Тройцы»; Бог «уступае ў асабістыя адносіны з мужчынам і жанчынай, заклікаючы іх, у сваю чаргу, да стварэння адносінаў з Ім». Дадаецца, што ў той час, як язычнікі будавалі святыні для разнастайных бостваў, да якіх простыя смяротныя не мелі доступу, «хрысціяне, валодаючы свабодай пакланення, ужо тады стваралі месцы, якія былі domus Dei et domus ecclesiae (з лац. «дом Бога і хатні Касцёл»), дзе вернікі маглі ідэнтыфікаваць сябе як Божая супольнасць».
Таму, працягваецца ў пасланні, «дом Пана мае на ўвазе прысутнасць сям'і Божых дзяцей».
Супрацоўніцтва з грамадзянскімі ўладамі
«Хрысціянская супольнасць ніколі не імкнулася да ізаляцыі і ніколі не рабіла Касцёл горадам з зачыненымі дзвярыма, — гаворыцца ў пасланні. —
Сфармаваўшыся ў каштоўнасцях жыцця супольнасці і ў імкненні да агульнага дабра, хрысціяне заўсёды былі адкрытыя да інтэграцыі з грамадствам».
Па словах прэфекта Кангрэгацыі, нават у самы разгар пандэміі «ўзнікла вялікае пачуццё адказнасці». «Прыслухоўваючыся і супрацоўнічаючы з грамадзянскімі ўладамі і экспертамі, біскупы Касцёла былі гатовыя прыняць цяжкія і балючыя рашэнні, ажно да прыпынення ўдзелу вернікаў у святкаванні Эўхарыстыі на працяглы перыяд часу», — адзначае ён.
Неабходнасць вяртання да нармальнага ладу хрысціянскага жыцця
Беручы гэта пад увагу, кардынал Сара піша, што, тым не менш, «наколькі дазваляюць абставіны… неабходна неадкладна вярнуцца да нармальнага хрысціянскага жыцця, у якім будынак Касцёла з'яўляецца яго домам, а святкаванне літургіі, і перш за ўсё Эўхарыстыі, — вяршыняй, на якую накіравана дзейнасць Касцёла» (Sacrosanctum Concilium, 10).
«Усведамляючы, што Бог ніколі не пакідае чалавецтва, Ім створанае, і што нават самыя цяжкія выпрабаванні могуць прынесці добрыя плёны, мы прынялі наша аддаленне ад алтара Пана як час Эўхарыстычнага посту, які дапамагае нам нанава адкрыць жыццёвую важнасць Эўхарыстыі, — адзначаецца ў дакуменце. —
І цяпер, як мага хутчэй, мы павінны вярнуцца да Эўхарыстыі… з уваскрослым жаданнем сустрэцца з Панам, быць з Ім, прыняць Яго і несці нашым братам і сёстрам».
Неабходнасць асабістага ўдзелу ў Імшы
Кардынал падрэслівае, што «падобна да таго, як сродкі масавай камунікацыі здзяйсняюць важнае служэнне хворым і тым, хто не ў стане прыйсці ў касцёл, яны ажыццявілі каштоўную місію, транслюючы святую Імшу тады, калі не было магчымасці ўдзельнічаць у супольным святкаванні, аднак ніякая трансляцыя не супастаўляльная з асабістым удзелам і не можа замяніць яго».
Па яго словах, наадварот, літургіі, у якіх вернікі ўдзельнічаюць толькі віртуальна, «рызыкуюць аддаліць нас ад асабістай і таямнічай сустрэчы з уцелаўлёным Богам», чыя прысутнасць сярод Яго народа была не віртуальнай, а рэальнай.
Іерарх адзначае:
«Гэты фізічны кантакт з Панам жыццёва неабходны, незаменны.
Таму, як толькі будуць вызначаны і прыняты канкрэтныя меры, здольныя звесці да мінімуму распаўсюджванне вірусу, неабходна, каб усе зноў занялі сваё месца ў сходзе братоў і сясцёр… і зноў запрасіць і падбадзёрыць тых братоў і сясцёр, якія вельмі доўга былі ў разгубленасці, напалоханыя, адсутнічалі».
Прапановы па вяртанні да святкавання Эўхарыстыі
У пасланні прапануецца некалькі «напрамкаў дзеянняў па забеспячэнні хутчэйшага і бяспечнага вяртання да святкавання Эўхарыстыі».
Але дадаецца, што «важная ўвага да правіл гігіены і бяспекі не павінна прыводзіць да адмены жэстаў і абрадаў, да ўкаранення няхай нават неўсвядомленага страху і пачуцця неабароненасці ў вернікаў».
Адзначана, што на самой справе «гэта залежыць ад разважлівых, але рашучых дзеянняў біскупаў, пакліканых не дапусціць, каб удзел вернікаў у святкаванні Эўхарыстыі зводзіўся дзяржаўнымі ўладамі да простага «сходу» або лічыўся супастаўляльным з забаўляльнай дзейнасцю ці яе вытворнай формай».
Зноў спасылаючыся на Sacrosanctum Concilium, кардынал Сара тлумачыць, што грамадзянскія ўлады не могуць прымаць законы аб літургічных нормах. Законы ў гэтай сферы, дадае ён, могуць прымаць толькі кампетэнтныя касцёльныя органы.
Захаванне літургічных нормаў
«У гэтыя цяжкія часы, — гаворыцца ў пасланні, — удзел вернікаў у літургічных святкаваннях можа быць аблегчаны, але без імправізаваных рытуальных эксперыментаў і пры поўным захаванні нормаў, якія ўтрымліваюцца ў літургічных кнігах». Таксама прызнаецца права вернікаў «прымаць Цела Хрыста і пакланяцца Пану, які прысутнічае ў Эўхарыстыі, у прадугледжаным парадку, без абмежаванняў, якія перавышаюць нормы гігіены, устаноўленыя дзяржаўнымі органамі або біскупамі».
Паслухмянасць біскупам
Паслухмянасць нормам Касцёла і біскупам кардынал называе «прынцыпам, які дазваляе пазбегнуць памылак».
«У складаныя часы (напрыклад, у часы войнаў, пандэмій) біскупы і біскупскія канферэнцыі могуць даваць часовыя нормы, якім неабходна падпарадкоўвацца»,
— піша ён.
Здароўе грамадства і вечнае збаўленне
Напрыканцы паслання кардынал адзначае, што «Касцёл будзе працягваць клапаціцца пра чалавечую асобу ў цэлым». Іерарх дадае, што, у той час як наша зямное жыццё важнае, вечнае нашмат важнейшае, таму «Касцёл аб'ядноўвае ў сабе заклік і садзеянне вечнаму збаўленню душаў з неабходным клопатам аб грамадскім здароўі».