Пошук

17.09.2020 12:57   Паводле: КАІ / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
Фота: Ansa

Тэкст трэцяй энцыклікі Папы Францішка будзе апублікаваны 4 кастрычніка, ва ўспамін святога Францішка Асізскага.

Пра гэта са спасылкай на прэс-службу Святога Пасаду паведаміла Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ.

Назва энцыклікі гучыць Fratelli tutti («Усе браты»), і хоць у некаторых краінах вяліся дыскусіі наконт яе гучання, а таксама адносна таго, як пры перакладзе перадаць яе інтэгральны сэнс, аднак варта памятаць, што энцыкліка сама па сабе нясе ўніверсальнае пасланне і скіравана да сэрца кожнага чалавека, як падкрэсліў праграмны дырэктар ватыканскіх СМІ Андрэа Тарньелі.

Ён заўважыў, што назва энцыклікі «Усе браты» ўзята з «Напамінаў» святога Францішка Асізскага (6, 1), а падзагаловак тлумачыць, што яна прысвечана братэрству і грамадскаму сяброўству.

Як ужо паведамлялася, Пантыфік падпіша дакумент 3 кастрычніка ў святыні ў Асізі, дзе спачываюць рэліквіі святога Францішка, з твораў якога ўзяты incipit — пачатковыя словы энцыклікі, па якіх яна называецца.

«Той факт, што Святы Айцец не змяніў гэтых словаў, тым не менш не азначае, што назва ў сваёй фармулёўцы мае намер выключыць з адрасатаў больш за палову людзей, а менавіта жанчын», — адзначыў праграмны дырэктар ватыканскіх СМІ. Ён патлумачыў, што для Папы вельмі важнай тэмай з’яўляецца братэрства і сацыяльнае сяброўства, і таму ён мае намер звярнуцца да ўсіх сясцёр і братоў, да ўсіх мужчын і жанчын добрай волі, якія жывуць на зямлі, нікога не выключаючы.

«Мы жывем у часы, пазначаныя вайной, беднасцю, міграцыяй, кліматычнымі зменамі, эканамічным крызісам, пандэміяй: прызнанне адзін аднаго братамі і сёстрамі, распазнаванне ў тым, каго мы сустракаем, брата і сястры, а для хрысціянаў — распазнаванне ў іншым чалавеку, які церпіць, аблічча Езуса, дае магчымасць пацвердзіць элементарную годнасць кожнай чалавечай істоты, створанай паводле Божага вобразу.

Гэта разам з тым магчымасць нагадаць самім сабе, што з цяперашніх цяжкасцяў мы ніколі не зможам выбрацца самі, адзін супраць другога, Поўнач супраць Поўдня, багатыя супраць бедных, ці падзеленыя паводле іншай выключнай асаблівасці», — сцвярджае журналіст.

Андрэа Тарньелі нагадвае, што братэрства і грамадскае сяброўства — тэмы, названыя ў падзагалоўку, — паказваюць на тое, што яднае мужчын і жанчын, а менавіта пачуццё, якое з’яўляецца паміж асобамі, не злучанымі повязямі крыві, і выяўляецца ва ўчынках добразычлівасці, розных формах дапамогі і велікадушным дзеянні ў хвіліну патрэбы. Бескарыслівае пачуццё да іншых людзей, незалежна ад усіх розніц і прыналежнасцяў.

«З гэтага пункту гледжання не можа быць ніякіх непаразуменняў, ані абмежаванага разумення ўніверсальнага і скіраванага да кожнага чалавека паслання словаў „Усе браты“», — кажа праграмны дырэктар ватыканскіх СМІ.

Абноўлена 17.09.2020 13:27
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.