27 жніўня, калі Касцёл адзначаў успамін святой Монікі, Папа Францішак у прыватным парадку наведаў рымскую базыліку святога Аўгустына, дзе памаліўся ў капліцы, у якой знаходзяцца рэліквіі маці гэтага святога.
Як са спасылкай на прэс-службу Святога Пасаду паведаміла італьянская рэдакцыя Vatican News, у другой палове дня ў чацвер Святы Айцец скіраваўся ў святыню, якая знаходзіцца на Марсавым Полі ў цэнтральнай частцы Рыма. Падчас прыватнага наведвання базылікі святога Аўгустына Папу суправаджалі некалькі асобаў.
Пасля малітвы ў капліцы, дзе знаходзяцца рэліквіі святой Монікі, Святы Айцец вярнуўся ў Ватыкан.
Літургічны ўспамін святой Монікі адзначаецца напярэдадні ўспаміну яе сына, святога Аўгустына, біскупа і доктара Касцёла, якога Касцёл успамінае сёння, 28 жніўня.
Першапачаткова цела святой Монікі было пахавана ў Остыі, дзе яна адышла ў вечнасць падчас падарожжа на радзіму ў Тагаст у 387 годзе. Пра гэта піша святы Аўгустын у аўтабіяграфічнай кнізе «Вызнанняў».
У 1162 годзе манахі аўгустынцы перавезлі яе парэшткі ў Францыю, а адтуль у 1430 годзе іх даставілі ў рымскі касцёл святога Трыфана, які сёння з’яўляецца базылікай святога Аўгустына.