Пошук


Аўгустын нарадзіўся 13 лістапада 354 г. у Тагасце ў Нумідыі (сучасны Алжыр). Яго бацька быў паганінам, а маці, святая Моніка, хрысціянкай, якая выхоўвала траіх сваіх дзяцей у веры. Аднак падчас вучобы ў Карфагене Аўгустын адышоў ад Хрыста: ён паддаўся ўплыву маніхейскай секты і жыў у пазашлюбным саюзе з жанчынаю, ад якой у яго нарадзіўся сын Адэадат. Маці Моніка вельмі перажывала за Аўгустына, нястомна спадарожнічала яму паўсюль, куды б ён ні пераязджаў, сваімі словамі і малітвамі ўвесь час спрабуючы навярнуць сына.

Нарэшце, апынуўшыся ў Медыялане (сучасны Мілан), Аўгустын пачуў казанне св. біскупа Амброзія, што паспрыяла яго канчатковаму навяртанню. На пасху 387 г. Аўгустын прыняў з рук св. Амброзія сакрамэнт хросту ў прысутнасці сваёй маці Монікі, якая неўзабаве пасля гэтага памерла. Вярнуўшыся ў Афрыку, Аўгустын разам з групай аднадумцаў распачынае законнае жыццё, прымае святарскае пасвячэнне, а яшчэ праз нейкі час становіцца біскупам горада Гіпона ў Паўночнай Афрыцы і спаўняе гэтае служэнне 34 гады.

Яго працы па тэалогіі і філасофіі вызначылі кірунак хрысціянскай навукі на многія стагоддзі. Яго найважнейшымі працамі з’яўляюцца: «Confessiones» («Вызнанні») і «De civitate Dei» («Пра Божую дзяржаву»). Аўгустын памёр 28 студзеня 430 г. падчас аблогі Гіпона вандаламі. Святы лічыцца адным з найбольшых заходніх Айцоў Касцёла; складзеным ім манаскім статутам да гэтага часу карыстаюцца многія законныя супольнасці. Святы з’яўляецца апекуном тэолагаў, друкароў і півавараў. Успамін яго маці, святой Монікі, адзначаецца напярэдадні.

Успамін 28 жніўня.
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.