Пошук

28.09.2023 15:59   Паводле: Vatican News / Catholic.by
Фота: скрыншот відэа rainews.it

Археолагі знайшлі рэшткі старадаўняй святыні ў Остыі, партовым горадзе Рыма, дзе маліўся святы Аўгустын і яго маці Моніка.

Як паведаміла 25 верасня Польская рэдакцыя парталу Vatican News, гэтую базыліку фундаваў імператар Канстанцін. Святыня мела вялікі атрыюм і баптыстэрый, складалася з трох наваў і ў даўжыню была 80 метраў.

«Дзякуючы гэтаму адкрыццю мы даведаліся, якім чынам выглядала тыповая хрысціянская святыня», — кажа Норбэрт Цымерман, кіраўнік раскопак.

Катэдра знаходзілася на перыферыі вялікага археалагічнага комплексe антычнай Остыі — Ostia Antica, які быў адкапаны падчас Другой сусветнай вайны і адкрыты для наведвання. Рэшткі святыні знаходзяцца на палетках, дзе вядзецца сельскагаспадарчая дзейнасць. Іх удалося лакалізаваць ужо напрыканцы мінулага стагоддзя дзякуючы аэрафотаздымкам. Аднак толькі цяпер яны былі даследаваны. Праз пяць тыдняў раскопак удалося раскрыць апсідную частку базылікі.

«З пісьмовых крыніц liber pontificalis мы ведалі, што імператар Канстанцін акрамя Латэранскай базылікі і базылікі святога Пятра фундаваў таксама шэраг біскупскіх базылік, між іншым, у Остыі. Мы ведалі, што яна ўзносілася непадалёк ад Лаўрэнційскай брамы. На гэтым участку яшчэ не праводзілі раскопак. І менавіта на гэтым месцы адкрыліся рэшткі базылікі. Сёлета мы засяродзіліся на апсіднай частцы базылікі. <…> На самай справе, мы не ведаем, дзеля чаго Канстанцін фундаваў базыліку таксама ў Остыі.

Аднак традыцыя перадае, што гэта было важнае месца для гісторыі Касцёла, паколькі менавіта праз Остыю святы Пётр прыбыў у Італію, а біскуп Остыі заўсёды меў важнае значэнне ў Касцёле: быў дэканам Калегіі кардыналаў і пасвячаў папаў. <…>

Сярод святыняў, фундаваных Канстанцінам, гэта была базыліка сярэдніх памераў. Яна мела тры навы, а не пяць. Разам з атрыюмам яе даўжыня складала 80 метраў. Асаблівасць гэтай святыні ў тым, што гэта першая тыповая базыліка. Гэта значыць, што іншыя базылікі будаваліся з асаблівымі мэтамі, напрыклад, каб ушанаваць магілу святога Пятра. А тыповую базыліку мы адкрылі менавіта тут. Тры навы і звычайная апсіда. Гэта добра, бо мы бачым, што з самага пачатку святыні маюць менавіта такую форму», — кажа Норбэрт Цымерман.

Раскопкі працягваліся пяць тыдняў і мелі чыста навуковы характар. Пакуль не плануецца выкарыстоўваць старадаўнюю катэдру ў Остыі ў музейных мэтах. Таму неўзабаве падмуркі старажытнай святыні будуць зноў закапаныя. У наступныя гады плануюцца раскопкі таксама ў іншых частках святыні.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.