«Неад’емным інгрэдыентам духоўнага распазнавання з’яўляецца наша гісторыя жыцця», — падкрэсліў Папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі, якая 19 кастрычніка прайшла на плошчы Святога Пятра ў Ватыкане.
Са зместам чарговай папскай катэхезы знаёміць Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News.
«Наша жыццё — гэта самая каштоўная „кніга“, якая нам была ўручана; кніга, якую многія, на жаль, не чытаюць ці пачынаюць чытаць занадта позна, на парозе смерці. І тым не менш, менавіта ў гэтай кнізе знаходзіцца тое, што людзі марна шукаюць іншымі шляхамі», — зазначыў Святы Айцец, працягваючы катэхетычны цыкл, прысвечаны духоўнаму распазнаванню.
Пантыфік звярнуў увагу на досвед святога Аўгустына, «вялікага шукальніка праўды», які, прачытаўшы сваё жыццё, са здзіўленнем распазнаў прысутнасць Бога ў ім, а потым казаў: «Ты быў ува мяне, а я быў вонкі і там шукаў Цябе», — і заклікаў чытачоў сваіх твораў: «Вярніся ў сябе: ва ўнутраным чалавеку жыве праўда».
«Вельмі часта таксама і мы мелі такі ж вопыт, як і Аўгустын, убачыўшы сябе зняволенымі ў думках, што аддалялі нас ад саміх сябе; у стэрэатыпах, якія шкодзілі нам, напрыклад: „я нічога не варты“, „у мяне нічога не атрымліваецца“, „я ніколі не змагу зрабіць нічога добрага“ і так далей. Гэты песімістычныя выразы знеахвочваюць нас.
Чытаць уласную гісторыю значыць таксама распазнаваць прысутнасць гэтых „таксічных“ элементаў, але для таго, каб потым пашырыць сюжэт нашай гісторыі, вучачыся заўважаць іншыя рэчы, робячы яе больш багатай, паважаючы яе складанасць, здолеўшы таксама зразумець тактоўнасць, з якой Бог дзейнічае ў нашым жыцці», — сказаў Святы Айцец.
Папа патлумачыў, што духоўнае распазнаванне падштурхоўвае здзяйсняць глыбокую рэфлексію над нашымі дзеяннямі, не засяроджваючыся на кожным з іх, але прачытваючы іх у больш шырокім кантэксце. Яно дапамагае задумацца пра тое, адкуль паходзіць тая ці іншая думка і куды яна вядзе. Позірк на жыццёвыя падзеі «дазваляе нам заўважаць каштоўныя дэталі», — дадаў Пантыфік.
«Нешта прачытанае, зробленая каму-небудзь паслуга, сустрэча, якія на першы позірк здаваліся не вельмі важнымі, з часам перадаюць унутраны спакой, перадаюць радасць жыцця і прапануюць чарговыя добрыя ініцыятывы.
Спыняцца і заўважаць гэта — неад’емна ад духоўнага распазнавання; гэта праца па зборы тых каштоўных і схаваных пярлін, якія Пан пасеяў на нашай глебе», — сцвердзіў пастыр паўсюднага Касцёла.
Ён падкрэсліў, што дабро — схаванае, ціхае, яно патрабуе павольнага і пастаяннага даследавання ўласнай душы, «таму што Божы стыль тактоўны: Богу падабаецца прыходзіць непрыкметна, Ён не навязлівы; нібы паветра, якім дыхаем, мы не бачым яго, але яно дазваляе нам жыць, а звяртаем на яго ўвагу толькі тады, калі яго не хапае», — сказаў Папа.
«Звычка перачытваць уласную гісторыю выхоўвае позірк, робіць яго вастрэйшым, дазваляе заўважаць маленькія цуды, якія Бог чыніць для нас кожны дзень», — дадаў Пантыфік, падкрэсліўшы, што «чалавек, які не ведае свайго мінулага, асуджаны паўтараць яго».
Святы Айцец заклікаў дзяліцца з іншымі людзьмі гісторыяй свайго жыцця, што з’яўляецца «адной з самых цудоўных і даверлівых форм камунікацыі», а таксама адзначыў каштоўнасць жыццяў святых, знаёмства з якімі дапамагае распазнаваць стыль Бога ў нашым жыцці: дае магчымасць даведацца, як Ён дзейнічае.
«Духоўнае распазнаванне — гэта наратыўнае прачытанне светлых і цёмных момантаў, суцяшэнняў і спусташэнняў, якія мы спазналі на працягу жыцця. Падчас распазнавання сэрца нам распавядае пра Бога, а мы павінны навучыцца разумець яго мову», — зазначыў Папа Францішак, заклікаючы вернікаў да практыкавання вечаровага рахунку сумлення, каб навучыцца распазнаць тое, што адбываецца ўнутры нас.