Пошук

27.08.2021 12:00   Паводле: Улад Галавін / Foma.ru / Пераклад і адаптацыя: Анастасія Грышан / Catholic.by
Святы Аўгустын са сваёй маці святой Монікай. Мастак Ары Шэфер (фрагмент) / Forocatolico.wordpress.com

27 жніўня адзначаецца ўспамін святой Монікі — маці святога Аўгустына, біскупа і доктара Касцёла. Моніка з’яўляецца апякункай жанчын і хрысціянскіх маці, якія праз яе заступніцтва просяць збаўлення душаў сваіх дзяцей.

Асобе святой Монікі прысвячае свой артыкул праваслаўны часопіс «Фома».

Калі муж пайшоў у загул, а дзіця — у секту

Словазлучэнне «хрысціянская сям’я» ўжо само па сабе настройвае на нешта вельмі добрае. Муж і жонка моляцца, наведваюць набажэнствы, вучаць дзяцей Божаму закону. Дзеці вырастаюць, становяцца кансэкраванымі асобамі ці святарамі, ды і самі бацькі ў старасці прымаюць манаскія абяцанні. Такое вось распаўсюджанае меркаванне пра ідэальны вобраз хрысціянскай сям’і.

Але ёсць у гісторыі Касцёла адна святая жанчына, жыццё якой — поўная супрацьлегласць гэтаму стэрэатыпу.

Муж у яе не толькі ў касцёл не хадзіў, але замест гэтага — беспардонна «бегаў па дзеўках». Яе сын, калі падрос, пачаў сустракацца з дзяўчынай, якая хутка нарадзіла яму дзіця. Пры гэтым браць шлюб маладыя людзі нават не збіраліся. Далей — нічым не лепш: сын трапіў у ератычную секту і пачаў актыўна прапаведваць яе ілжэвучэнне. Ну як, вы яшчэ гатовыя працягваць чытаць? Тады неабходна патлумачыць, што гаворка ідзе пра святую Моніку, маці аднаго з самых вядомых доктараў Касцёла — святога Аўгустына.

Замуж па загадзе

Каханне — не пачуццё, а выбар. Цяпер пра гэта напісана мноства кніг і артыкулаў, але святой Моніцы давялося адкрываць гэтую праўду самастойна: яе аддалі замуж, нават не пытаючыся яе меркавання. IV стагоддзе — так тады было прынята.

І не ў тым была праблема, што дзяўчына не сустракалася з будучым мужам да вяселля, а ў тым, што ён не быў хрысціянінам. Або, як сказалі б сёння, быў няверуючым.

Гэта значыць, яна аказалася вымушана жыць з чалавекам іншага светапогляду, які абсалютна па-іншаму глядзеў на ўсё, што з’яўляецца для чалавека важным у жыцці.

Закаханыя — гэта не тыя, хто глядзіць адно на аднаго, а тыя, хто глядзіць у адным напрамку. Аўтар гэтага афарызму невядомы, але дакладна вядома іншае — Моніка была цалкам пазбаўлена гэтай радасці. Тым не менш, «…яна спакойна пераносіла яго здрады, — успамінае Аўгустын, — ніколі па гэтай прычыне не было ў яе з мужам сварак».

Такія абставіны многіх маглі б занурыць у стрэс і стаць прычынай невыносных пакутаў. Моніка ж лічыла інакш. Жыццё з няверуючым мужам — гэта не праблема, а задача, і ў Пісанні ёсць рэцэпты яе вырашэння. «Таксама і вы, жанчыны, падпарадкоўвайцеся сваім мужам, каб тыя з іх, якія непаслухмяныя слову, паводзінамі жанчын былі здабытыя без слова, калі ўбачаць вашыя беззаганныя і богабаязныя паводзіны», — вучыць святы апостал Пётр.

Менавіта так і рабіла Моніка. Яна ніколі не супярэчыла яму, ведаючы яго запальчывы характар. «Яна служыла яму, як пану, і старалася здабыць яго для Бога», — піша святы Аўгустын. У рэшце рэшт, яна перамагла. Патрыцый прыняў хрост. Але паміж гэтымі дзвюма падзеямі — вяселлем і хростам мужа — ляглі доўгія гады сумеснага жыцця, нараджэнне траіх дзяцей, незлічоныя здрады мужа і такія ж незлічоныя малітвы жонкі за яго.

У выпадку з Монікай задача навяртання мужа ў веру была ўскладнена прынамсі двума абставінамі. Муж не бачыў ніякай праблемы ў тым, што ён «хадзіў налева». І, відаць, нават не хаваў гэтага, калі яго сын кажа пра «здрады». Каб ён мог стаць хрысціянінам, яго трэба было пераканаць у тым, што такія паводзіны — здрадніцтва, і ад яго належыць адмовіцца раз і назаўсёды.

Але што самае складанае — Моніцы і самой трэба было знайсці ў сабе сілы прабачыць мужу-гуляку. Ёй удалося і тое, і іншае.

Адзіная крыніца звестак пра жыццё святой Монікі — успаміны яе сына Аўгустына. Ён не дае падрабязных апісанняў таго, як яна прывяла да веры свайго мужа. Але можна вылучыць некалькі правіл жыцця святой, якія даюць пра гэта некаторае ўяўленне:

  • ніколі не папракаць мужа за яго недахопы, якім б страшнымі яны ні здаваліся;
  • шчыра яго слухацца, лічачы сябе яго слугой;
  • ні ў якім выпадку не папракаць яго ў чымсьці, нават калі гэта здаецца цалкам справядлівым;
  • заўсёды маліцца за яго.

Не вельмі падобна да таго, каб Моніка была шчаслівая ў сямейным жыцці. Фактычна значная частка адведзеных ёй гадоў — гэта стрэсавыя сітуацыі і душэўныя траўмы. Рэч не толькі ў тым, што муж ёй здраджваў. Хутчэй за ўсё, ён не раз павышаў голас на жонку. Яму было з каго браць прыклад. У іншых сем’ях, адносіны з якімі падтрымлівалі Моніка і Патрыцый, мужы нават білі сваіх жонак, і ніхто не лічыў гэта асаблівай трагедыяй. Прынамсі, Аўгустын узгадвае, што сяброўкі яго маці часта хадзілі з сінякамі. Але Патрыцый не падымаў руку на Моніку, хоць, як успамінае сын, быў вельмі запальчывым чалавекам.

Сёння сказалі б, што святая валодала эмацыйнай кампетэнцыяй — ведала пачуцці сваіх блізкіх, свае ўласныя і ўмела гэтыымі ведамі карыстацца з карысцю для сям’і.

Асобная гісторыя — гэта зносіны Монікі з сяброўкамі. Жанчыны часта скардзяцца сяброўкам на сваё жыццё, у тым ліку і на іншых сябровак. Моніка цярпліва выслухоўвала іх скаргі, але ніколі не падтрымлівала іх бурчанне або асуджэнне. «Мая маці паведамляла кожнай сяброўцы тое, што садзейнічала прымірэнню абюдзвюх».

Калі б Моніка жыла ў наш час, яна збірала б поўныя залы на трэнінгі па асобасным росце і мастацтву зносінаў. Сутыкнуўшыся з велізарнай колькасцю стрэсавых сітуацый, яна ўсе гэтыя сітуацыі спакойна вырашала, умела завяршаючы кожны канфлікт мірам. Але галоўная яе перамога — выратаванне сына.

Малітва маці

У Патрыцыя і Монікі было трое дзяцей — двое хлопчыкаў і дзяўчынка. Старэйшага клікалі Аўгустын. Хлопчык вырас і стаў весці далёка не пабожнае жыццё. Жыў са сваёй дзяўчынай, як сёння сказалі б, у «грамадзянскім шлюбе». У іх нарадзілася дзіця. Далей — горш. Аўгустын трапіў у секту маніхеяў і, захапіўшыся іх вучэннем, здолеў зацягнуць у гэтую арганізацыю сваіх сяброў.

Што магла зрабіць у такой сітуацыі Моніка? Заклікаць сына выправіцца, замаўляць за яго Імшы? У яе былі дзве простыя методыкі: яна малілася сама і прасіла знаёмых святароў пераканаць сына ў праўдзівасці хрысціянства.

Адзін са святароў адказаў ёй: «Сын такіх слёз не можа загінуць».

Іншымі словамі: ты так шмат аб ім плачаш, што ён дакладна стане хрысціянінам. «У размовах са мной яна часта ўспамінала, што прыняла гэтыя словы так, як быццам яны прагучалі ёй з неба», — піша Аўгустын.

Як малілася святая Моніка? Канечне, большасці сённяшніх малітваў не было ў яе часы. Але адно мы ведаем дакладна: Аўгустын быў у секце доўгія дзесяць гадоў. Увесь гэты час маці не губляла надзеі. І, у рэшце рэшт, Аўгустын стаў хрысціянінам-католікам. Яго маці памерла ў год яго хросту. Ёй было тады 56 гадоў, сыну — 33.

На першы погляд, не самы моцны вынік місіянерскай працы: за дзесяць гадоў — усяго толькі адзін навернуты. Але давайце ўзгадаем, кім стаў гэты чалавек — адным з самых вялікіх святых Касцёла, які аднолькава ўшаноўваецца і прваслаўнымі, і католікамі. Яго «Вызнанні» да гэтага часу застаюцца адной з самых моцных хрысціянскіх кніг. У ёй, апрача ўсяго іншага, ёсць і такія словы: «Так, калі я — годны сын Твой, Пане, гэта таму, што Ты падарыў мне ў маці верную слугу Тваю».

Абноўлена 27.08.2021 12:00
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа