Пантыфік патэлефанаваў удаве Эніо Марыконэ, каб выказаць свае спачуванні і запэўніць у малітве за спачылага кампазітара і ўсю яго сям’ю. Маэстра адышоў у вечнасць 6 ліпеня.
Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Святы Айцец быў знаёмы з Марыконэ і яго жонкай Марыяй, таму пажадаў асабіста скіраваць да яе словы падтрымкі і спачуванні. Размова працягвалася некалькі хвілін.
Папа Францішак сустракаўся з Эніо Марыконэ ў чэрвені 2015 г. Нагодай паслужыла напісанне кампазітарам музыкі да святой Імшы ў сувязі з 200-годдзем аднаўлення Таварыства Езуса. Маэстра прысвяціў яе Пантыфіку.
Музыка ўпершыню прагучала ў выкананні аркестру і хору ў галоўнай езуіцкай святыні ў Рыме, касцёле Іль-Джэзу.
Кампазітар асабіста ўручыў у дар Святому Айцу партытуру гэтага музычнага твору. «Мы доўга глядзелі адзін на аднаго ў маўчанні. Папа глядзеў на мяне і чакаў, што я распавяду пра маю святую Імшу. Я паказаў яму першую старонку партытуры, дзе ноты ўтваралі форму крыжа», — дзяліўся ўспамінамі маэстра.
Марыконэ прызнаваўся, што быў глыбока ўражаны кірункам, які Папа Францішак даў Касцёлу і які стаў магчымым дзякуючы «вялікай падрыхтоўчай працы, зробленай Бэнэдыктам XVI».
Кампазітар распавядаў, што ажаніўся ў 1956 г. З таго часу жонка заўсёды прасіла яго напісаць літургічную музыку. «Я ніколі гэтага не рабіў, але аднойчы раніцай я сустрэў айца Даніэля Лібаноры, рэктара касцёла Іль-Джэзу, што знаходзіцца ў двух кроках ад майго дома і які я часта наведваў. Езуіт папрасіў мяне напісаць музыку для святой Імшы, каб адзначыць 200-годдзе аднаўлення Таварыства Езуса. Гэта быў 2012 год. Я ўзяў крыху часу, каб падумаць. А потым быў абраны Папа Францішак, першы Пантыфік-езуіт. Я пагадзіўся і вырашыў прысвяціць святую Імшу яму, а таксама маёй жонцы. Так нарадзілася Missa Papae Francisci. Anno duecentesimo a Societate Restituta.
Яна мае для мне вялікае значэнне, бо я заўсёды быў вернікам, я вырас у каталіцкай сям’і і гэтай пячаткай заўсёды было пазначана маё жыццё»,
— казаў Марыконэ ў інтэрв’ю італьянскаму выданню Avvenire.
У 2019 г. Марыконэ атрымаў Залаты медаль пантыфікату Папы Францішка «за выдатную дзейнасць у галіне мастацтва, якая мела таксама аспекты рэлігійнага характару». Праз некалькі месяцаў пасля гэтага маэстра развітаўся са сцэнай, але потым пагадзіўся выступіць з канцэртам у ватыканскай Зале Паўла VI. «Я не мог сказаць “не”», — заявіў тады кампазітар.