Пошук

07.07.2020 10:39   Паводле: Vatican News / Catholic.by

Духоўнае вымярэнне ўтварала важны аспект творчасці Эніо Марыконэ, адзначыў старшыня Папскай рады па культуры кардынал Джанфранко Равазі. Італьянскі кампазітар адышоў у вечнасць у Рыме на 92-м годзе жыцця.

Як адзначае польская рэдакцыя парталу Vatican News, Марыконэ вядомы найперш музыкай для фільмаў. Напісаў музыку да больш чым 500 фільмаў, у тым ліку «Недатыкальныя» ці «Аднойчы ў Амерыцы». Таксама з’яўляецца аўтарам многіх сакральных твораў.

У час пантыфікату Бэнэдыкта XVI ён вельмі клапаціўся пра вяртанне грыгарыянскага харалу.

У размове з Ватыканскім радыё кардынал Равазі ўзгадаў мінулагоднюю сустрэчу з кампазітарам, калі Марыконэ атрымаў за сваю творчасць залаты медаль ад Папы Францішка. Таксама кампазітар прымаў запрашэнні на пасяджэнні Папскай рады па культуры. «Калі ён рыхтаваў араторыю, прысвечаную Яну Паўлу ІІ, паехаў са мной на некалькі дзён у Польшчу. Усё гэта сведчыла пра яго веру, і ён адкрыта ў ёй прызнаваўся», — адзначыў іерарх.

«Без сумнення, яму вельмі важна было ствараць таксама сакральную, рэлігійную музыку. Ён казаў мне пра гэта шмат разоў. Бо духоўнае вымярэнне, вера былі ў ім вельмі жывыя, — дадаў кардынал. —

З іншага боку, праявай гэтага духоўнага вымярэння была і музыка сама па сабе, так, як ён яе выражаў, у велізарнай разнастайнасці стыляў».

«Велізарная панарама фільмаў, вялікая разнастайнасць творчасці, але яму заўсёды была важная вялікая музыка, — заўважыў іерарх. — Бо ён верыў, што вялікая музыка з’яўляецца сама па сабе, згодна з яе вялікай традыцыяй, мовай трансцэндэнтнага. Гэта мова, у якой праяўляецца таямніца, таксама і тады, калі гэта свецкая музыка. Прыгажосць музыкі вядзе нас паступова да вечнасці і бясконцасці».

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.