18 чэрвеня кіраўнік прэс-службы Святога Пасаду Матэо Бруні паведаміў журналістам, што да канца года не плануецца ніякіх замежных падарожжаў Папы Францішка.
Як перадае Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, з-за пандэміі каранавірусу быў адменены аднадзённы візіт на Мальту, які планаваўся на 31 мая.
Пры гэтым Матэо Бруні нагадаў, што Святы Айцец атрымаў афіцыйныя запрашэнні наведаць з візітам Інданэзію, Ірак, Чарнагорыю і Кіпр. Акрамя таго, пастыр Паўсюднага Касцёла выказаў жаданне паехаць у ахоплены грамадзянскай вайной Паўднёвы Судан, калі сітуацыя на месцы дазволіць гэта зрабіць.
Але з-за пандэміі, якая ахапіла ўвесь свет, у бліжэйшы час ніводнае з гэтых падарожжаў не зможа адбыцца.
Сёлета Папа Францішак не здзейсніў ніводнага замежнага падарожжа, а таксама ніякіх афіцыйных ці душпастырскіх візітаў на тэрыторыі Італіі. Такое здараецца ўпершыню за апошнія больш як сорак гадоў.
Такім чынам, апошняе на сённяшні дзень Апостальскае падарожжа Святога Айца адбылося 19–26 лістапада мінулага года, калі Пантыфік наведаў Тайланд і Японію.