Пошук

29.04.2020 14:35   Паводле: КАІ / Пераклад і адаптацыя: Анастасія Грышан / Catholic.by
Фота: m.aawsat.com

Каранавірус прымушае Папу Францішка выкрэсліваць з календара чарговыя планы.

Як адзначае Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, пасля таго, як з увагі да прадпісанняў, неабходных на час пандэміі, Святы Айцец цэлебраваў велікодныя ўрачыстасці ў пустой базыліцы святога Пятра, а не з удзелам, як звычайна, дзясяткаў тысяч пілігрымаў, зараз Ватыкан адклаў запланаваны на верасень у Будапешце Міжнародны эўхарыстычны кангрэс, Сусветную сустрэчу сем’яў у Рыме і нават Сусветны дзень моладзі ў Лісабоне.

Наступствы крызісу, выкліканага каранавірусам, закранулі і замежныя пастырскія візіты, запланаваныя Пантыфікам. Верагодна, 2020 год будзе першым без падарожжаў Папы з 1978 года.

Ужо быў адменены візіт на Мальту, запланаваны на канец мая. У верасні пастыр паўсюднага Касцёла павінен быў наведаць Усходні Тымор, Папуа-Новую Гвінею і Інданэзію, найбольшую ў свеце мусульманскую краіну, — аб пераносе тэрміну візіту папрасілі мясцовыя арганізатары. Таксама няма надзеі на візіт Папы ў гэтым годзе ў Ірак, немагчымае ў дадзенай сітуацыі запланаванае экуменічнае падарожжа ў Паўднёвы Судан разам з Прымасам Англіканскай Царквы арцыбіскупам Джасцінам Уэлбі, пра якое Пантыфік казаў у лістападзе мінулага года.

Пандэмія паралізуе важны інструмент Апостальскай Сталіцы. Гэта адзінае ў сваім родзе злучэнне дзяржаўнага візіту з масавай рэлігійнай падзеяй, адзначае каталіцкае агенцтва KNA. Як суверэн Дзяржавы Ватыкан, Папа заўсёды прыбывае на чужыя тэрыторыі толькі па афіцыйным запрашэнні і прымаецца з вялікім гонарам. Адначасова ён прыязджае як пастыр свайго Касцёла, і звычайна яго візіт выклікае масавую прысутнасць вернікаў.

Кожны візіт Папы збірае сотні тысяч, а нават і мільёны ўдзельнікаў і некалькі дзён з’яўляецца галоўным сярод медыяльных падзей. Публічныя паездкі Пантыфіка маюць часам трыумфальныя рысы, а вялікія набажэнствы з яго ўдзелам служаць таму, каб паказаць жыццяздольнасць мясцовага Касцёла.

Падарожжы Яна Паўла ІІ

Яшчэ ў 60-я гады мінулага стагоддзя было заўважана, які рэлігійна-палітычны ўплыў і якую форму выражэння касцёльнай ідэнтычнасці могуць мець у сваіх руках Пантыфікі падчас падарожжаў. Перад гэтым апошняе доўгае падарожжа здзейсніў у 1812 г. Пій VII у Фантэнбло — як вязень Напалеона. Цыкл папскіх падарожжаў адкрыў у 1964 г. Павел VІ экуменічнай сустрэчай паяднання ў Ерузалеме з Патрыярхам Канстанцінопальскім Афінагорам. Але асаблівы фармат палітычных місій і масавых імпрэз стварыў падчас свайго больш чым 26-гадовага пантыфікату Ян Павел ІІ.

Папа з Польшчы ў межах сваіх 104 паездак наведаў 129 краін, пераадолеўшы амаль 1,2 млн кіламетраў.

Святая Імша, якую ён цэлебраваў у Маніле падчас Сусветнага дня моладзі ў 1995 г., сабрала не менш за пяць мільёнаў удзельнікаў. Калі ў 1979 г. у Варшаве ён у прысутнасці соцень тысяч вернікаў прасіў Духа Святога «аднавіць аблічча гэтай зямлі», гэта стала пачаткам руху, які ў канчатковым выніку прывёў да распаду ўсходняга блоку.

Гістарычныя сустрэчы

Замежныя падарожжы, пачатак якім паклаў Ян Павел ІІ, працягвалі яго наступнікі. Як заўважае KNA, Бэнэдыкт XVI здзяйсняў у сярэднім 3,5 замежныя візіты штогод — крыху менш, чым яго папярэднік (4), а Папа Францішак здзяйсняе іх найбольш — у сярэднім 4,5 у год. Таму замежныя паездкі кожныя некалькі месяцаў сталі ўжо неад’емным элементам пантыфікату.

Асабістая прысутнасць кіраўніка Касцёла была вельмі карыснай асабліва ў дыпламатычна складаных абставінах. Напрыклад, сваім візітам у Вялікабрытанію Бэнэдыкт XVI змог палепшыць традыцыйнае халоднае стаўленне да каталіцтва. Гістарычная сустрэча Папы Францішка з Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам не была магчымай ні ў Рыме, ні ў Маскве, але адбылася на Кубе.

А тое, што Апостальская Сталіца хоча наблізіцца да арабскага свету, знайшло свой выраз падчас візіту Папы ў Абу-Дабі.

Сімвалічнае выямрэнне мела б таксама запланаванае на восень падарожжа Папы Францішка ў Інданэзію — самую вялікую ў свеце ісламскую краіну, дзе жыве 227 мільёнаў мусульманаў. Кардынальская намінацыя арцыбіскупа Джакарты Ігнацыя Сухарыё Харджоатмоджо ў кастрычніку мінулага года паказала, што Пантыфік вельмі ўважліва прыглядаецца да гэтага рэгіёну. Калі ж, аднак, ён зноў зможа вырушыць на такую місію, пакажа час.

Абноўлена 29.04.2020 15:40
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.