У межах Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека была створана спецыяльныя Камісія па надзвычайнай сітуацыі, выкліканай пандэміяй каранавірусу COVID-19.
Кіраўнік згаданай установы кардынал Пітэр Тарксан 15 красавіка паведаміў у інтэрв’ю Vatican News, што аб гэтым папрасіў сам Святы Айцец.
Першая мэта новастворанай структуры заключаецца ў аказанні падтрымкі мясцовым Касцёлам у ратаванні жыцця людзей, дапамозе самым бедным.
Другая — у аналізе эканамічных і сацыяльных наступстваў пандэміі, каб Касцёл мог стаць надзейным апірышчам для свету, які разгубіўся перад абліччам нечаканай з’явы.
Камісія дзейнічае ў супрацоўніцтве з Дзяржсакратарыятам, Дыкастэрыяй па камунікацыі, Caritas Internationalis, Папскай акадэміяй навук, Папскай акадэміяй сацыяльных навук і Папскай акадэміяй жыцця, Апостальскай элемазінарыяй, Кангрэгацыяй Евангелізацыі Народаў і Ватыканскай аптэкай.
Кардынал Тарксан паінфармаваў, што новая структура складаецца з пяці працоўных груп.
Першая працуе ва ўзаемадзеянні з дабрачыннай арганізацыяй Касцёла Caritas Internationalis, Апостальскімі нунцыямі і мясцовымі Касцёламі для выяўлення неадкладных праблем. Другая робіць навуковы аналіз сітуацыі і дзейнічае разам з Папскімі акадэміямі. Трэцяя займаецца інфармаваннем аб зробленай працы. У кампетэнцыю чацвёртай, дзейнасць якой каардынуецца Дзяржсакратарыятам, уваходзяць усе магчымыя ініцыятывы па ўзаемадзеянні з дзяржавамі. Пятая працоўная група займаецца пошукам фондаў.
Ватыканскі прэфект заўважыў, што дзейнасць новай Камісіі падтрымалі традыцыйныя партнёры Дыкастэрыі, сярод якіх Джорджтаўнскі і Патсдамскі ўніверсітэты, Каталіцкі ўніверсітэт Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Мілане, міжнародная арганізацыя World Resources Institute.