Пантыфік па прапанове Сакратарыяту па эканамічных пытаннях заснаваў Генеральнае ўпраўленне па кадрах, якое будзе дзейнічаць пры Першай секцыі Дзяржаўнага сакратарыяту.
Новая структура будзе займацца не толькі кадравымі пытаннямі ў Дыкастэрыях і структурах Святога Пасаду, але і ў ведамствах, фондах, капітулах і г.д., якія на дадзены момант не падлягаюць цэнтралізаванаму кантролю. Аб гэтым са спасылкай на прэс-службу Святога Пасаду інфармуе 6 сакавіка беларуская рэдакцыя парталу Vatican News.
Упраўленне не ўзнікла «з нуля», а было створана на базе Бюро па кадрах Дзяржаўнага сакратарыяту. Новая структура будзе мець больш шырокія паўнамоцтвы, застаючыся ў падпарадкаванні Субстытута па агульных справах, які прызначае яе дырэктара.
Рашэнне аб заснаванні Генеральнага ўпраўлення было прынята пасля працяглых роздумаў і вывучэння праблематыкі. Гэта чарговы крок у працэсе рэфармавання Рымскай курыі, які папа Францішак праводзіць разам з Радай кардыналаў. Структура будзе ўзаемадзейнічаць з Сакратарыятам па эканамічных пытаннях, Бюро працы Святога Пасаду, Ватыканскім пенсійным фондам, Губернатаратам Дзяржавы Ватыкан, Незалежнай камісіяй па наборы свецкага персаналу.
Новае ўпраўленне «будзе мець стратэгічную, інспекцыйную і аператыўную ўладу і выконваць функцыі каардынацыі, кантролю і нагляду». Яго заданне — стварыць яснае і цэласнае ўяўленне кадравай сітуацыі Святога Пасаду.
Ватыканскія ведамствы, структуры, фонды, капітулы і г.д., выключаныя з цэнтралізаванага кантролю, захаваюць сваю аўтаномію і ўжо існуючы падыход да кіравання персаналам і аплаты яго працы, але цяпер павінны будуць перадаваць новай структуры ўсю кадравую інфармацыю.
Рада кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам выказала спадзяванне, што новаўвядзенне будзе добра прынята ўсімі структурамі, якіх яно датычыцца, і паспрыяе больш эфектыўнаму кіраванню кадрамі.