Пошук

22.01.2020 17:25   Паводле: Vatican News
Фота: flickr.com

Падчас агульнай аўдыенцыі 22 студзеня Папа Францішак нагадаў пра ролю гасціннасці да мігрантаў у экуменічным дыялогу. Гэтай тэме прысвечаны сёлетні Тыдзень малітваў за адзінства хрысціянаў.

Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Пантыфік заўважыў, што малітоўныя тэксты да Тыдня малітваў у гэтым годзе падрыхтавала міжканфесійная група з астравоў Мальта і Гоцо. У іх аснове знаходзіцца ўрывак з кнігі Дзеяў Апосталаў, дзе гаворыцца пра гасціннасць мальтыйцаў да апостала Паўла і яго спадарожнікаў, якія апынуліся на востраве ў выніку буры.

«Дарагія, гасціннасць — важная, яна з’яўляецца важнай экуменічнай цнотай. Яна азначае прызнанне таго, што іншыя хрысціяне па-сапраўднаму з’яўляюцца нашымі братамі і сёстрамі ў Хрысце. Мы — браты. Хтосьці скажа: “Але гэты чалавек пратэстант, а той — праваслаўны”. Так! Але мы з’яўляемся братамі ў Хрысце», — падкрэсліў Папа.

Пантыфік зазначыў, што аказанне гасціннасці ў адносінах мігрантаў іншых канфесій — не «аднабаковы акт шчодрасці», бо гэтыя людзі з’яўляюцца дарам, адплатай, паколькі разам з імі «атрымліваем тое, што Святы Дух пасеяў у сэрцах гэтых нашых братоў і сясцёр».

«Прымаць хрысціянаў іншых традыцый азначае, у першую чаргу, дэманстраваць Божую любоў да іх, бо яны — Божыя дзеці, нашыя браты; азначае прымаць тое, што Бог рэалізаваў у іх жыцці.

Экуменічная гасціннасць патрабуе гатоўнасці слухаць іншых, патрабуе ўвагі да іх асабістых гісторый веры і гісторый іх супольнасцяў, супольнасцяў веры іншых традыцый, адметных ад нашай. Экуменічная гасціннасць прадугледжвае жаданне знаёмства з досведам Бога, які маюць іншыя хрысціяне, і чаканне атрымання духоўных дароў, якія з гэтага вынікаюць», — звярнуў увагу Папа.

Святы Айцец заўважыў, што таксама і ў нашыя дні мора, у якім пацярпеў крушэнне Павел і яго спадарожнікі, працягвае заставацца месцам вельмі небяспечным.

«Ва ўсім свеце мігранты здзяйсняюць рызыкоўныя падарожжы, каб уцячы ад насілля, каб уцячы ад вайны, каб уцячы ад беднасці. Як Павел і яго спадарожнікі, яны сустракаюць абыякавасць, варожасць пустыні, рэк, мораў... Вельмі часта ім не дазваляюць высадзіцца ў партах. На жаль, часам яны сустракаюць варожасць з боку найгоршых з людзей. Іх выкарыстоўваюць злачынцы — гандляры людзьмі. У нашыя дні! Некаторыя з тых, хто мае ўладу, ставяцца да іх як да лічбаў ці як да пагрозы. У нашыя дні! Часам негасціннасць, як хваля, адкідае іх назад у беднасць ці небяспеку, ад якіх яны ўцяклі», — сказаў Пантыфік.

Папа падкрэсліў, што хрысціяне «павінны працаваць разам для сведчання мігрантам Божай любові, аб’яўленай Езусам Хрыстом».

«Мы можам і павінны сведчыць, што ёсць не толькі варожасць з абыякавасцю, але што кожны чалавек — каштоўны для Бога і любімы Ім. Супрацоўніцтва ў імя экуменічнай гасціннасці, асабліва на карысць тых, чыё жыццё найбольш уразлівае, зробіць усіх нас, усіх хрысціянаў — пратэстантаў, праваслаўных, католікаў, усіх хрысціянаў, — лепшымі людзьмі, лепшымі вучнямі і больш з’яднаным хрысціянскім народам. Гэта наблізіць да адзінства, якое з’яўляецца Божай воляй для нас», — дадаў Святы Айцец.

Вітаючы пілігрымаў, прысутных на агульнай аўдыенцыі, Папа адзначыў, што хрысціяне не могуць заставацца абыякавымі да драмы старых і новых формаў беднасці, да самай цёмнай самотнасці, пагарды і дыскрымінацыі.

Абноўлена 22.01.2020 18:07
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа