13 лістапада, пасля традыцыйнай агульнай аўдыенцыі Святога Айца, з ім сустрэліся заснавальнікі руху «Сужэнскія сустрэчы» Ірэна і Ежы Гжыбоўскія з Польшчы.
Як паведаміла польская рэдакцыя парталу Vatican News, сужонкі падаравалі папу Францішку ікону руху «Трывайце ў Маёй любові», а таксама кнігу «Дыялог як шлях да святасці». Святы Айцец атрымаў таксама зборнік сведчанняў больш за тысячы чалавек, якім удзел у рэкалекцыях руху дапамог захаваць сям’ю.
Падараваная папу Францішку ікона з’яўляецца духоўным сімвалам руху.
Ежы Гжыбоўскі распавядае:
«На абразе выяўленыя два твары ў профіль, скіраваныя адно да аднаго. Гэта твары мужчыны і жанчыны, мужа і жонкі ў дыялогу, падчас сустрэчы ва ўзаемным зразуменні і любові.
Спалучаныя профілі складаюць аблічча Хрыста. Гэта азначае сувязь сужонкаў і іх еднасць у Богу. Німб азначае іх шлях да святасці. Разам з тым на фоне ёсць крыж, які кажа пра цярпенне, якое непазбежна ў жыцці кожнага чалавека, але мае збаўчую моц.
Да іконы мы далучаем зборнік сведчанняў. З некалькіх дзясяткаў тысяч мы выбралі каля тысячы выказванняў людзей, сужонкаў, а таксама святароў і сясцёр законных, для якіх неаднаразовы ўдзел у „Сужэнскіх сустрэчах“ стаў пераваротам у жыцці, шляхам навяртання, а таксама захавання сям’і.
Шчаслівым сужэнствам гэта дало новыя падказкі на іх шляху. Гэтаю падказкаю з’яўляецца дыялог — дыялог як шлях да святасці», — кажа заснавальнік руху.
Яго жонка, Ірэна Гжыбоўская, дадае:
«Кніга, якую атрымаў Святы Айцец, гэта не толькі зборнік вопыту сужэнскіх дыялогаў, а разважанне на тэму дыялогу наогул; дыялогу, якому Папа надае вялікае значэнне.
Вопыт дыялогу: вельмі шмат сужэнстваў з’яўляюцца крыніцаю разважанняў на тэму дыялогу наогул як шляху да святасці і жыццёвай пазіцыі.
Гэтыя разважанні мы выказалі ў тэксце, які падаравалі Святому Айцу. Ён быў перакладзены на італьянскую мову, каб Папа мог яго прачытаць».
Рух «Сужэнскія сустрэчы» ўзнік у Польшчы напрыканцы 70-х гадоў мінулага стагоддзя і ў апошнія гады паспяхова развіваецца і дзейнічае таксама ў Беларусі.
Падчас рэкалекцый, якія праходзяць у форме майстар-класаў, сужонкам прапануюць дыялог, што можа дапамагчы мужу і жонцы зразумець адно аднаго, радавацца свайму сужэнству і вырашаць канфлікты. Праводзяць духоўныя практыкаванні ў фармаце «Сужэнскіх сустрэч» адпаведным чынам падрыхтаваныя сужэнствы і святар.
На партале Catholic.by мы таксама публікуем сведчанні тых, каму ўдзел у «Сужэнскіх сустрэчах» дапамог умацаваць адносіны і вырашыць праблемы ў сям’і.