На агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане 13 лістапада папа Францішак нагадаў, што з самага пачатку хрысціянства абвяшчалася свецкімі вернікамі.
Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Святы Айцец, працягваючы цыкл катэхез, прысвечаных кнізе Дзеяў Апосталаў, засяродзіўся на чарговым этапе місійнага падарожжа Апостала Паўла, калі ён «пакінуў Атэны і прыбыў у Карынт» (Дз 18).
У Карынце Апостала гасцінна прыняла сужэнская пара — Аквіла і Прысцыла, якія ў свой час былі вымушаны пакінуць Рым па прычыне ганенняў на юдэяў. У сувязі з гэтым Папа зрабіў адступленне і заўважыў, што на працягу гісторыі юдэйскаму народу давялося шмат пакутаваць.
«Габрэйскі народ шмат пацярпеў у гісторыі. Яго выганялі, пераследавалі. У мінулым стагоддзі мы былі сведкамі шматлікіх зверстваў, якія ён зведаў. Мы былі перакананыя, што гэты перыяд скончыўся.
Аднак сёння тут і там пачынае адраджацца з’ява пераследу габрэяў. Браты і сёстры, гэта бесчалавечна і не па-хрысціянску.
Габрэі — нашыя браты! І іх нельга пераследаваць», — сказаў Пантыфік.
Вярнуўшыся да гісторыі Аквілы і Прысцылы і каментуючы іх учынак, Святы Айцец заўважыў, што, прыняўшы Апостала Паўла, яны прынялі «не толькі евангелізатара, але і вестку, якую ён прынёс з сабою: Евангелле Хрыста — моц Божую для збаўлення кожнага, хто верыць (пар. Рым 1, 16)».
«Дом Аквілы і Прысцылы ў Карынце адчыняе дзверы не толькі Апосталу, але таксама братам і сёстрам у Хрысце. Сапраўды, Павел можа казаць пра супольнасць, што збіраецца ў іх доме (пар. 1 Кар 16, 19), які становіцца “домам Касцёла”, domus ecclesiae, месцам слухання Божага Слова і служэння Эўхарыстыі», — адзначыў Папа.
Пастыр паўсюднага Касцёла дадаў, што і сёння ў месцах пераследу хрысціян асобныя дамы і сем’і ператвараюцца ў храмы, дзе патаемна моляцца і ўшаноўваюць Езуса ў Эўхарыстыі.
Праз паўтара гады Павел, а разам з ім Аквіла і Прысцыла, накіраваліся ў сірыйскі горад Эфес. Там іх дом таксама стаў месцам для катэхез (пар. Дз 18, 26).
«Сярод шматлікіх супрацоўнікаў Паўла Аквіла і Прысцыла выступаюць як узор сужэнскага жыцця, адказна залучанага ў служэнне на карысць усёй хрысціянскай супольнасці, і нагадваюць нам, што менавіта дзякуючы веры і руплівасці ў справе евангелізацыі многіх свецкіх людзей, якімі былі і яны самі, хрысціянства дасягнула нас. Сапраўды, каб укараніцца ў зямлі народу, каб па-сапраўднаму развівацца, былі патрэбныя намаганні гэтых сем’яў.
Толькі падумайце: з самага пачатку хрысціянства абвяшчалася свецкімі людзьмі! Вы, свецкія вернікі, праз ваш хрост сталі адказнымі за распаўсюджванне веры»,
— падкрэсліў папа Францішак.
На завяршэнне катэхезы Пантыфік заклікаў вернікаў прасіць Бога, «каб спаслаў свайго Духа на ўсе хрысціянскія сужэнскія пары, каб, на ўзор Аквілы і Прысцылы, яны ўмелі адчыняць дзверы сваіх сэрцаў Хрысту і братам і ператвараць свае дамы ў хатні касцёл».