Пошук

15.01.2020 17:39   Паводле: Vatican News
Фота: catholicoutlook.org

Касцёл ніколі не павінен стамляцца прымаць з матчыным сэрцам людзей і абвяшчаць ім любоў Айца, які стаў бачным у Езусе, адзначыў Папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі 15 студзеня ў Ватыкане.

Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Пантыфік, завяршаючы цыкл катэхезаў, прысвечаных кнізе Дзеяў Апосталаў, засяродзіў сваю ўвагу на прабыванні Апостала Народаў у Рыме.

«Падарожжа Паўла, якое адначасова было падарожжам Евангелля, — гэта доказ таго, што шляхі людзей, калі перажываюцца ў веры, могуць стаць прасторай перамяшчэння Божага збаўлення, праз Слова веры, якое з’яўляецца дзейснай закваскай у гісторыі, здольнай змяняць сітуацыі і адкрываць пастаянна новыя шляхі», — падкрэсліў Папа.

Пастыр паўсюднага Касцёла заўважыў, што з прыбыццём Паўла ў сэрца імперыі завяршаецца кніга Дзеяў Апосталаў. У той жа час яна заканчваецца не мучаніцтвам Паўла, а шчодрым сеяннем Божага слова.

Канец апавядання ўтрымлівае і абагульняе ўвесь дынамізм Божага слова, «няспыннага слова, якое прагне бегчы, каб перадаваць збаўленне ўсім».

У Рыме Павел сустрэў, у першую чаргу, сваіх братоў у Хрысце, якія яго прынялі і напоўнілі адвагай (Дз 28, 15), а іх гарачая гасціннасць паказала, наколькі чаканым і жаданым было яго прыбыццё. Потым яму было дазволена жыць пад хатнім арыштам. «Нягледзячы на свой статус вязня, Павел мог сустракацца з уплывовымі юдэямі, якім тлумачыў, чаму быў вымушаны звяртацца да Цэзара, і апавядаў пра Божае Валадарства», — адзначыў Папа.

«Ён спрабаваў пераканаць іх адносна Езуса, абапіраючыся на Святое Пісанне і паказваючы пераемнасць паміж навіной Хрыста і “надзеяй Ізраэля” (Дз 28, 20). Павел глыбока адчуваў сябе яўрэем і бачыў у Евангеллі, якое прапаведаваў, выкананне абяцанняў, дадзеных выбранаму народу», — дадаў Пантыфік.

Пасля гэтай першай нефармальнай сустрэчы, на якой ён убачыў прыхільных юдэяў, адбылася другая, больш афіцыйная; падчас яе, на працягу ўсяго дня, Павел абвяшчаў Божае Валадарства і намагаўся адкрыць сваіх суразмоўцаў на веру ў Езуса, абапіраючыся на «закон Майсея і прарокаў» (Дз 28, 22). Паколькі не ўсе пагаджаліся, ён выкрываў зацвярдзеласць сэрца Божага народа, што стала прычынай яго асуджэння з боку некаторых слухачоў (пар. Іс 6, 9-10), і горача радаваўся за збаўленне народаў, якія дэманстравалі чуласць да Бога і здольнасць слухаць слова Евангелля жыцця (пар. Дз 28, 28), падкрэсліў Папа Францішак.

«На гэтым моманце апавядання св. Лука завяршае свой твор, паказваючы нам не смерць Паўла, а дынамізм яго пропаведзі, дынамізм слова, якое “не зняволіш” (2 Цім 2, 9), — Павел не меў свабоды перамяшчэння, але адчуваў свабоду ў абвяшчэнні, таму слова не было зняволеным, было гатовым да таго, каб яго сеялі шчодрыя рукі апостала.

Павел рабіў гэта „без перашкоды і з усёй адвагай”“(Дз 28, 31) у доме, дзе прымаў тых, хто хацеў атрымаць абвяшчэнне Божага Валадарства і пазнаць Хрыста»,

— нагадаў Святы Айцец.

«Гэты дом, адкрыты для ўсіх сэрцаў, што былі ў пошуку, з’яўляецца вобразам Касцёла, які, нават тады, калі яго пераследуюць, кепска разумеюць і знявольваюць, ніколі не стамляецца прымаць з матчыным сэрцам кожнага чалавека, каб абвяшчаць яму любоў Айца, які стаў бачным у Езусе», — сказаў Папа.

Пантыфік пажадаў, каб Святы Дух ажывіў «у кожным пакліканне заставацца мужным і радасным евангелізатарам». «Няхай зробіць таксама і нас, як Паўла, здольнымі напоўніць нашы дамы Евангеллем і ператварыць іх у вячэрнікі братэрства, дзе можна будзе прымаць жывога Хрыста, які “выходзіць насустрач нам у кожным чалавеку і ва ўсе часы», — сказаў пастыр паўсюднага Касцёла на заканчэнне катэхезы.

Абноўлена 15.01.2020 17:44
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця