Перажываць цяжкасці з верай і падтрымліваць людзей, якія ў іх апынуліся, дзелячыся любоўю, што нараджаецца ў выніку сустрэчы з Езусам, заклікаў Папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі 8 студзеня.
Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Пантыфік працягнуў цыкл разважанняў, прысвечаных кнізе Дзеяў Апосталаў. Гэтым разам ён сканцэнтраваўся на падзеях, што адбыліся падчас падарожжа Паўла ў Рым.
«Апошняя частка кнігі Дзеяў Апосталаў распавядае пра Евангелле, якое працягвае свой бег не толькі па зямлі, але і па моры, на караблі, які вёз зняволенага Паўла з Цэзарэі ў Рым, у сэрца імперыі, каб споўнілася слова Уваскрослага: „Будзеце Маімі сведкамі <…> ажно да краю зямлі“ (Дз 1, 8).
Пачытайце Дзеі Апосталаў, і ўбачыце, як Евангелле, дзякуючы сіле Святога Духа, дасягнула ўсіх народаў, стала паўсюдным. Вазьміце і пачытайце!» — заклікаў Папа.
Пантыфік нагадаў, што з самага пачатку плаванне праходзіла ў неспрыяльных умовах, таму Павел раіў не працягваць яго. Экіпаж не паслухаў апостала і цалкам згубіў кантроль падчас моцнага ветру.
Калі смерць здавалася ўжо блізкай і роспач ахапіла ўсіх, Павел запэўніў сваіх спадарожнікаў, што ніводзін з іх не загіне, бо ноччу яму аб’явіўся анёл Бога, якому ён належыць і служыць, і сказаў: «Не бойся, Павел, бо табе трэба з’явіцца перад цэзарам, і вось, Бог падараваў табе ўсіх, хто плыве з табою» (Дз 27, 23-24).
«Нават падчас выпрабаванняў Павел не пераставаў быць ахоўнікам жыцця іншых і чалавекам, які распальвае надзею. Лука распавядае нам, што задума, якая вяла Паўла ў Рым, выратавала не толькі апостала, але і яго спадарожнікаў, а караблекрушэнне, няшчасны выпадак, ператварыўся ў магчымасць для абвяшчэння Евангелля, вызначаную Божым Провідам», — заўважыў Папа.
Святы Айцец нагадаў, што пасля буры карабель з Паўлам на борце прычаліў да вострава Мальта, жыхары якога прадэманстравалі шчырую гасціннасць.
Там Паўла ўкусіла змяя, а мясцовыя жыхары, убачыўшы гэта, падумалі, што ён забойца, «раз яму, уратаванаму з мора, багіня справядлівасці не дазваляе жыць. Яны чакалі, што апостал памрэ, але, калі нічога дрэннага з ім не адбылося, змянілі думку і казалі, што ён бог.
«На самой справе гэтая ласка паходзіла ад Уваскрослага Пана, які яго падтрымліваў, згодна з абяцаннем, дадзеным перад унебаўшэсцем і скіраваным да вернікаў: „Змеяў рукамі браць будуць, і, калі штосьці атрутнае вып’юць, не пашкодзіць ім. На хворых будуць ускладаць рукі і яны выздаравеюць“ (Мк 16, 18). Легенда кажа, што з таго часу змеі не жывуць на Мальце: гэта Божая ласка за гасціннасць добрага народа», — сказаў Папа.
«Насамрэч, прабыванне на Мальце стала для Паўла шчаслівай нагодай, каб “уцелавіць” слова, якое абвяшчаў, і споўніць спагадлівае служэнне ў аздараўленні хворых. Гэта закон Евангелля: калі вернік сустракае збаўленне, не захоўвае яго для сябе, але пускае ў абарот. „Дабро заўсёды мае тэндэнцыю да пашырэння. Кожны сапраўдны досвед праўды і прыгажосці імкнецца да распаўсюджвання, і кожны чалавек, які глыбока перажывае вызваленне, становіцца больш чулым да патрэб іншых“ (Evangelii gaudium, 9)», — сцвердзіў Пантыфік.
«Хрысціянін, які прайшоў праз выпрабаванні, вядома, можа стаць больш блізкім да пакутуючых, бо ведае, што такое пакуты, і можа зрабіць сваё сэрца адкрытым і чулым да салідарнасці з іншымі»,
— дадаў ён.
Па словах Папы, апостал Павел вучыць нас перажываць выпрабаванні ў лучнасці з Хрыстом, каб узрастаць у «перакананні, што Бог дзейнічае ў розных абставінах, нават сярод бачных няўдач», і «веданні, што, калі хтосьці ахвяруе сябе i аддае сябе ў любові Богу, напэўна прынясе багаты плён». «Любоў заўсёды плённая», — адзначыў Святы Айцец.
Папа заклікаў вернікаў маліцца аб здольнасці перажывання выпрабаванняў, чэрпаючы сілы з веры, а таксама аб спачуванні шматлікім ахвярам «гістарычных караблекрушэнняў», прыняцці іх з братэрскай любоўю, якая паходзіць з сустрэчы з Езусам. «Гэта тое, што ратуе ад холаду абыякавасці і бесчалавечнасці», — сказаў Пантыфік на заканчэнне катэхезы.