Пошук

29.10.2024 12:32   Тэкст: кс. Павел Эйсмант / Фота: Дзмітрый Пухаў / Catholic.by

28 кастрычніка, у свята святых Сымона і Юды Тадэвуша, апосталаў, арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч адзначыў свае імяніны.

Раніцай заслужаны іерарх цэлебраваў святую Імшу ў капліцы Хрысціянскага сацыяльнага цэнтра ў Мінску. У Эўхарыстыі ўзялі ўдзел дзеці і супрацоўнікі Місіі Добрага Самараніна пад апекай святой Уршулі Ледухоўскай, якія павіншавалі яго са святам. Імяніннік жа, у сваю чаргу, пажадаў супрацоўнікам быць руплівымі ў выкананні сваіх абавязкаў выхавацелямі, а дзецям — узрастаць у цнотах.

Увечары арцыбіскуп Кандрусевіч узначаліў цэлебрацыю святой Імшы ў мінскім катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі.

Уступ да літургіі зрабіў яго наступнік на катэдры Мітрапаліта Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, які заахвоціў прысутных памаліцца за заслужанага іерарха, які нядаўна адзначаў 35-годдзе з часу біскупскага пасвячэння.

Гамілію падчас Імшы прамовіў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі. Зыходзячы з рэфрэну рэспансарыйнага псальма «Па ўсёй зямлі разыходзіцца іх голас», ён прадставіў місію апосталаў, якія пасланыя абвяшчаць Божае слова ажно да краёў зямлі. Біскуп Касабуцкі адзначыў, што менавіта такімі пасланымі былі апосталы Сымон і Юда Тадэвуш, дадаўшы, што першы быў руплівым у абвяшчэнні Добрай Навіны, а другі напісаў Пасланне і з’яўляецца апекуном у складаных і па-чалавечы безнадзейных сітуацыях.

«Езус і ў наш час кліча апосталаў. 35 гадоў таму Ён паклікаў Тадэвуша Кандрусевіча, якому вызначыў місію быць першым біскупам у Беларусі і Расіі пасля доўгага перыяду ганенняў на веру. Здавалася, што проста чалавечымі сіламі місія невыканальная. Але наш сённяшні імяніннік у сваёй працы даверыўся Богу, згодна з дэвізам яго біскупскага служэння Quis ut Deus — „Хто ж як Бог“ — і свайму нябеснаму апекуну святому Юду Тадэвушу. Дзякуючы гэтаму былі адроджаны структуры Каталіцкага Касцёла ў Беларусі і Расіі», — падкрэсліў біскуп Юрый Касабуцкі.

Пасля Імшы вернікі павіншавалі арцыбіскупа Кандрусевіча і выказалі яму пажаданні Божага благаслаўлення і добрага здароўя.

Напрыканцы Імшы ўзяў слова і сам дастойны імяніннік. Ён падзякаваў Богу за ўсе Ягоныя дары, а таксама арцыбіскупу Станеўскаму і біскупу Касабуцкаму, святарам і вернікам за іх удзел у святкаванні яго імянінаў, малітву ў яго інтэнцыі і цёплыя віншаванні.

«У наш складаны час заняпаду веры і адыходу ад хрысціянскіх каштоўнасцяў, калі здаецца, што сітуацыя безнадзейная, нам неабходна браць прыклад з апосталаў, якім таксама было вельмі няпроста», — заўважыў арцыбіскуп Кандрусевіч. Ён прызнаўся, што ў сваім служэнні заўсёды на першае месца ставіў Бога і Яму давяраў, прасіў апекі Божай Маці і дапамогі нябеснага апекуна святога Юды Тадэвуша.

Іерарх нагадаў словы Папы Францішка, сказаныя ім на заканчэнне Сіноду Біскупаў пра сінадальнасць, у якіх Пантыфік зазначыў, што Касцёл павінен быць місійным, а не статычным.

«Перад абліччам выклікаў сучаснасці патрэбны Касцёл не сідзячы і нерухомы, а такі, які здольны адказваць на іх», — сцвердзіў заслужаны іерарх.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч заахвоціў прысутных быць руплівымі ў сведчанні хрысціянскаага жыцця і праз заступніцтва святых Сымона і Юды Тадэвуша выпрошваць у Бога ласку нязломнай веры, без якой няма збаўлення.

 
Абноўлена 29.10.2024 12:38
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця