Пошук

11.12.2019 17:30   Паводле: Vatican News
Фота: thefactsite.com

Апостал Павел быў не толькі евангелізатарам, поўным запалу, не толькі бясстрашным місіянерам сярод язычнікаў, які ствараў новыя хрысціянскія супольнасці, але і сведкам-мучанікам Уваскрослага, адзначыў папа Францішак на агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане 11 снежня.

Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Святы Айцец працягнуў цыкл катэхезаў, прысвечаных кнізе Дзеяў Апосталаў. Ён засяродзіў увагу на пакутах, якія св. Павел спазнаў, прапаведуючы Евангелле ў Ерузалеме.

Папа нагадаў, што там апостал сустрэўся з лютым пераследам. Гэты горад быў варожым у адносінах да яго, як раней быў варожым да Езуса.

Калі Павел увайшоў у святыню, яго пазналі і хацелі забіць, але ён быў уратаваны ад смерці рымскімі жаўнерамі.

«Абвінавачаны ў навучанні супраць Закону і святыні, ён быў арыштаваны і пачаў сваю пілігрымку ў якасці вязня. Спачатку стаў перад Сінедрыёнам, потым перад рымскім пракуратарам Цэзарэі, а потым перад каралём Агрыпам. Лука звяртае ўвагу на падабенства паміж Паўлам і Езусам: абодвух ненавідзелі ворагі, абодва былі публічна абвінавачаны і прызнаны невінаватымі імперскімі ўладамі. Так Павел злучыўся з мукай свайго Настаўніка, і яго мука стала жывым Евангеллем», — заўважыў Папа.

Пантыфік распавёў, што перад агульнай аўдыенцыяй сустрэўся ў базыліцы св. Пятра з дэлегацыяй украінскіх пілігрымаў, якія прыбылі ў Рым з дыяцэзіі Мукачава.

«Як моцна пераследавалі гэтых людзей! Колькі яны выпакутавалі за Евангелле! Але не адракліся ад сваёй веры. Яны з’яўляюцца прыкладам. Сёння ў Еўропе вельмі шмат хрысціянаў церпяць пераслед і прысвячаюць жыццё веры. Іх пераследуюць у “белых пальчатках” — пакідаюць на ўзбочыне, успрымаюць у якасці маргіналаў. Мучаніцтва — гэта паветра жыцця для хрысціяніна і для хрысціянскай супольнасці.

Мучанікі заўсёды будуць сярод нас: гэта знак таго, што ідзём па шляху Езуса. Гэта благаслаўленне Пана, калі сярод Божага народу ёсць людзі, якія даюць такое сведчанне мучаніцтва»,

— сказаў Папа.

Пастыр паўсюднага Касцёла нагадаў, што Павел звярнуўся да караля Агрыпы з моцнай апалагетычнай прамовай, якая стала «плённым сведчаннем веры». Апостал распавёў пра сваё навяртанне і пакліканне прапаведаваць сярод язычнікаў, каб «павярнуліся ад цемры да святла і ад улады сатаны да Бога», каб праз веру ў Хрыста «атрымалі дараванне грахоў і спадчыну сярод асвячаных». Ён паказаў, што прарокі і Майсей сведчылі тое ж, што і ён зараз: што «Хрыстус павінен быў цярпець і абвясціць, як першы сярод уваскрослых, святло народу гэтаму і язычнікам».

«Гарачае сведчанне Паўла кранула сэрца караля Агрыпы, якому не хапіла толькі апошняга кроку. Кароль сказаў так: “Яшчэ крыху — і пераканаеш мяне стаць хрысціянінам!” Паўла прызналі невінаватым, але ён не мог быць вызвалены, бо звяртаўся да цэзара. Такім чынам, няспыннае падарожжа Божага слова працягнулася ў кірунку Рыма. Павел, закуты ў кайданы, апынуўся тут, у Рыме», — нагадаў Пантыфік.

Па словах Святога Айца, з гэтага моманту кайданы Апостала Народаў з’яўляюцца знакам яго вернасці Евангеллю і сведчання, якое даў аб Уваскрослым.

«Павел вучыць нас трываласці перад абліччам выпрабаванняў і здольнасці глядзець на ўсё вачыма веры. Будзем прасіць Пана сёння, каб праз заступніцтва апостала ажывіў нашу веру і дапамог быць вернымі да самай глыбіні нашага хрысціянскага паклікання, паклікання вучняў Пана, місіянераў», — завяршыў катэхезу папа Францішак.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа