Пошук

02.06.2019 10:54   Catholic.by
Святыя Кіріл і Мятод. Ілюстрацыя з www.culture.ru

30 мая на юбілейных XXV міжнародных Кірыла-Мятодаўскіх чытаннях, якія праходзілі ў Мінску, выступіў з дакладам кс. Кірыл Бардонаў.

Даклад прадстаўніка Каталіцкага Касцёла меў назву «Місія святых Кірыла і Мятода ў кантэксце ўзаемаадносінаў Усходу і Захаду».

Як адзначыў кс. Кірыл Бардонаў, у 863 г., калі пачынаецца місія святых братоў у Маравіі, яны «не сталі навязваць народам, якія слухалі іх пропаведзь, ні неаспрэчнай перавагі грэчаскай мовы і візантыйскай культуры, ні навыкаў і звычаяў больш прасунутага грамадства, у якіх яны выраслі і якія непазбежна заставаліся ім звыклымі і дарагімі».

Асаблівасць місіянерскага падыходу святых братоў, па словах дакладчыка, у тым, што «яны мірна будавалі адзіны і паўсюдны Касцёл».

Яны «неслі сваё місіянерскае служэнне ў адзінстве з Усходам, з Канстанцінопалем, якім былі пасланыя, і з Захадам, з Рымам, які гэтую місію пацвердзіў».

«Місія святых Кірыла і Мятода па прыкладзе служэння апостала Паўла была напоўнена ўніверсалізмам Евангелля, — адзначыў кс. Бардонаў, — менавіта таму можна сказаць, што апосталы славян сталі быццам „новым Паўлам“ або „вучнямі Паўла“, як называлі братоў іх паслядоўнікі. <...> У геаграфічным сэрцы Еўропы яны былі прыкладам дыялогу Евангелля і мясцовай культуры».

«Інкультурацыя Добрай Навіны — гэта заўсёды актуальная і няпростая задача. Наша посткамуністычнае грамадства можа вучыцца ў святых Кірыла і Мятода культуры дыялогу, які адкрыты на багацце іншай традыцыі і прымае непадобнасць гэтай традыцыі», — дадаў святар.

«Упэўненасць святых братоў у тым, што кожны лакальны Касцёл пакліканы ўзбагаціць паўсюдны Касцёл сваімі дарамі, цалкам выражалася ў іх евангельскай інтуіцыі ў тым, што розныя ўмовы існавання асобных хрысціянскіх Касцёлаў ніколі не змогуць апраўдаць дысананс, раскол у вызнаванні адзінай веры», — заўважыў дакладчык.

У той жа час, адзначыў ён, салунскія браты супраціўляліся замкнутасці літургічнай традыцыі выключна на габрэйскай, грэчаскай і лацінскай мовах.

Абарона славянскага набажэнства была для іх, па словах святара, праявай абароны правоў кожнага народа на свой цывілізацыйны шлях. У той час, калі некаторыя прадстаўнікі духавенства «прапаведвалі не для народаў, а насуперак народам», Кірыл і Мятод «сталі прыкладам такога ўспрыняцця разнастайнасці, якое аб’ядноўвае, прыкладам здаровага плюралізму».

Ксёндз Бардонаў працытаваў словы папы Яна Паўла ІІ з энцыклікі Slavorum Apostoli, якія «асабліва актуальныя ў наш неспакойны і заблытаны час»:

«Пасля прашэсця адзінаццаці стагоддзяў у славян мы ясна бачым, што спадчына салунскіх братоў была і застаецца глыбей і мацней за любыя расколы.

Абедзве хрысціянскія традыцыі — усходняя, якая ідзе з Канстанцінопаля, і заходняя, якая ідзе з Рыма, — выйшлі з улоння адзінага Касцёла, хоць і на аснове розных культур і розных падыходаў да адных і тых жа праблем.

Падобная разнастайнасць, калі правільна разумець яе крыніцу і разважна асэнсоўваць яе каштоўнасць і значэнне, можа толькі ўзбагачаць і культуру Еўропы, і яе хрысціянскую традыцыю, і стаць такім чынам надзейнай асновай для яе жаданага духоўнага абнаўлення».

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа