Пошук

31.05.2019 15:30   Тэкст: Анастасія Грышан / Фота: Кс. Раман Страшко / Catholic.by

30 мая Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр і Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прывіталі ўдзельнікаў юбілейных XXV міжнародных Кірыла-Мятодаўскіх чытанняў «Спадчына святых Кірыла і Мятода ў сусветнай духоўнай культуры», якія праходзяць у Мінску.

Апостальскі нунцый у сваім прывітальным слове на цырымоніі адкрыцця, якая адбывалася ў Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры імя Йаханэса Раў, між іншым, адзначыў:

«Апостальскае служэнне святых Кірыла і Мятода вельмі плённае і мае вялізнае багаслоўскае значэнне не толькі для гісторыі Касцёла, але таксама для культурнага і грамадскага жыцця еўрапейскага кантыненту.

Менавіта таму Міжнародныя Кірыла-Мятодаўскія чытанні, якія сталі ўжо традыцыйнымі, — гэта ўнікальная пляцоўка для дыялогу і ўзаемнага дзялення, магчымасці рэалізацыі місіі хрысціянаў у сучасным свеце».

Прадстаўнік папы Францішка ў нашай краіне выказаў спадзяванне, што гэты форум стане рэальным працягам місіі святых Кірыла і Мятода.

Кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, у сваю чаргу, адзначыў, што за чвэрць стагоддзя сваёй гісторыі штогадовыя Кірыла-Мятодаўскія чытанні «сталі цудоўнай міжканфесійнай пляцоўкай для папулярызацыі хрысціянскага вучэння і культуры ў сучасным свеце, які адыходзіць ад духоўных каштоўнасцяў і традыцый». Запатрабаванасць гэтых чытанняў, па яго словах, відавочная.

Іерарх нагадаў, што святыя апекуны Еўропы Кірыл і Мятод адзінаццаць стагоддзяў таму стварылі алфавіт і пераклалі на славянскую мову галоўныя богаслужбовыя кнігі, даўшы тым самым магчымасць абвяшчаць Добрую Навіну славянскім народам на зразумелай ім мове.

Дзякуючы дзейнасці святых братоў славянскія народы «атрымалі магчымасць зрабіць свой унёсак у духоўнае развіццё свету, створанага Богам Айцом, адкупленага Сынам Божым і асвечанага Святым Духам».

Святыя Кірыл і Мятод, па словах арцыбіскупа, «далі новы імпульс для далейшага развіцця культуры славянскіх народаў на хрысціянскіх прынцыпах», дзякуючы чаму «хрысціянства ўвайшло ў іх гісторыю і вызначыла шляхі іх развіцця».

Справа святых братоў, як дадаў іерарх, «з’яўляецца бясцэнным унёскам у стварэнне агульных хрысціянскіх каранёў Еўропы». Еўропа ХХІ стагоддзя «павінна вярнуцца да іх, каб быць Еўропай духу, а не бездухоўнага еўра».

Іх ідэі, падкрэсліў арцыбіскуп, актуальныя і сёння, калі перад абліччам шматлікіх і складаных праблем свет шукае спосабаў іх вырашэння, узаемаразумення і адзінства.

Кірыл і Мятод, заўважыў ён, зрабілі «фундаментальны ўнёсак у стварэнне не толькі хрысціянскай Еўропы, але і яе дзяржаўнага і культурнага арганізму».

Сёння «няма іншага шляху, акрамя евангельскага, для пераадолення напружанасцяў, лячэння расколаў і антаганізмаў, якія пагражаюць стварэнню цывілізацыі жыцця і любові».

Адным з арганізатараў сёлетніх Юбілейных чытанняў з’яўляецца «Хрысціянскі адукацыйны цэнтр імя свв. Кірыла і Мятода». Як адзначыў арцыбіскуп, гэтай канферэнцыяй цэнтр «пачынае пісаць першую старонку новага этапу сваёй дзейнасці на шляху да залатога юбілею». «Няхай новы час, які перад ім, стане часам выхавання новага хрысціяніна, для якога быць такім сёння азначае быць сведкам Евангелля для ўсіх народаў і творцам адзінства па прыкладзе святых Кірыла і Мятода», — пажадаў іерарх.

Абноўлена 18.07.2019 13:30
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа