
10 лютага ў Хрысціянскім сацыяльным цэнтры ў Мінску адбылося мерапрыемства, цэнтрам якога стаў сінаксіс — супольная малітва, у якой узялі ўдзел біскупы і святары рымскага і візантыйскага абраду.
У малітоўнай сустрэчы ўзялі ўдзел Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, Генеральныя вікарыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі і біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, Апостальскі адміністратар для католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, некалькі святароў абодвух абрадаў.

Як паведамляецца на сайце Місіі Добрага Самараніна пад апекай святой Уршулі Ледухоўскай Samaranin.by, падчас малітвы адбылося асвячэнне іконы святых Кірыла і Мятода, якое здзейсніў нунцый Ёзіч. Архімандрыт Гаек перадаў гэтую ікону ў дар Місіі Добрага Самараніна. Ікона святых асветнікаў, якія неслі святло Евангелля славянскім народам, зойме пачэснае месца ў капліцы Хрысціянскага сацыяльнага цэнтра.
Свята святых Кірыла і Мятода адзначаецца ў Касцёле 14 лютага, а паколькі сёлета на гэты дзень прыпала Папяльцовая серада, якой пачынаецца Вялікі пост, урачыстае мерапрыемства адбылося на некалькі дзён раней.
Напрыканцы набажэнства архімандрыта Сяргея Гаека павіншавалі з 75-годдзем з дня нараджэння, які святар адзначыў 8 лютага.
Нунцый Антэ Ёзіч уручыў святару папскі медаль і ружанец як знак блізкасці Святога Айца Францішка, які ў мінулым годзе стварыў у Беларусі Апостальскую адміністратуру для католікаў візантыйскага абраду.



