
Увечары 28 мая з парафіі св. Андрэя, апостала, у Нарачы ў Мядзельскім дэканаце Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі распачалася перэгрынацыя фігуры святога Арханёла Міхала з італьянскага санктуарыя ў Гаргана.
Фігуру нябеснага апекуна Касцёла на Беларусі даставіў у Нарач ініцыятар перэгрынацыі і адказны за яе правядзенне кс. Ігар Лашук, дэкан Стаўбцоўскі.
Перад уваходам у касцёл выяву святога Арханёла сустрэлі вернікі нарачанскай парафіі разам са сваімі духоўнымі пастырамі, айцамі кармэлітамі на чале з пробашчам а. Бэрнардам Радзікам OCD і дэканам Мядзельскім кс. канонікам Багуславам Маджэеўскім.

Дзеці ў белых строях, якія сёлета прынялі Першую святую Камунію, нібы анёлы атачылі фігуру Князя войскаў нябесных, якую з пашанаю ўнеслі ў святыню.
У Нарачы фігура застанецца да 4 чэрвеня, пасля чаго будзе перададзена ў касцёл св. Мікалая, біскупа, у Свіры.
Падчас яе знаходжання ў свірскай парафіі 9 чэрвеня, ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога, у 13.00 тут адбудзецца сакрамэнт канфірмацыі, які ўдзеліць маладым мясцовым вернікам Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.
Фігура святога Арханёла пакіне Свір 11 чэрвеня, пасля чаго наведае парафію Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў суседнім Канстанцінаве.
16 чэрвеня, ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы, выяву Арханёла падчас урачыстай св. Імшы а 13-й гадзіне прывітаюць вернікі парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Засвіры.
















18 чэрвеня фігуру святога Міхала перададуць у Шэметава, дзе яе ўшануюць вернікі мясцовай парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі. Кульмінацыяй знаходжання фігуры ў святыні стане св. Імша, якая адбудзецца тут у парафіяльную ўрачыстасць Маці Божай Нястомнай Дапамогі 27 чэрвеня а 12-й гадзіне.
У той жа дзень Арханёл Міхал у сваёй выяве прыбудзе ў Крывічы, дзе яго будуць ушаноўваць вернікі тутэйшай парафіі св. Андрэя, апостала.
З 3 па 9 ліпеня фігура нябеснага Апекуна Касцёла на Беларусі будзе знаходзіцца ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай, дзе яе змогуць ушанаваць усе пілігрымы, якія прыбудуць на сёлетні Будслаўскі фэст 5–6 ліпеня.
З Будслава фігура святога Арханёла Міхала будзе перададзена ў касцёл Маці Божай Шкаплернай у Мядзелі. Тут 16 ліпеня, у парафіяльную ўрачыстасць Маці Божай Шкаплернай, падчас св. Імшы а 12-й гадзіне вернікі Мядзельскага дэканату развітаюцца з фігурай нябеснага заступніка, якая працягне перэгрынацыю па парафіях Беларусі.




