29 верасня, у свята св. Міхала Арханёла (апекуна Мінска-Магілёўскай правінцыі Касцёла), св. Габрыэля і Рафала, Арханёлаў, у мінскім катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ўрачыста распачалася перэгрынацыя фігуры св. Арханёла Міхала.
Як адзначыў у гаміліі падчас святочнай св. Імшы ў галоўнай святыні архідыяцэзіі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, мэта перэгрынацыі — малітва за Беларусь і ажыўленне культу нябеснага заступніка мясцовага Касцёла «для таго, каб супрацьстаяць злу, умацоўваць веру і вучыцца быць сведкамі Евангелля».
Гаворачы пра тое, што бунт супраць Бога праяўляецца, у прыватнасці, у прыняцці законаў, якія супярэчаць закону Божаму, і ў прапагандзе амаральнага стылю жыцця, арцыбіскуп Кандрусевіч з горыччу адзначыў, што гэтае зло закранула і нашае грамадства. Пра гэты духоўны заняпад сведчаць такія негатыўныя з’явы, як разводы, сужэнская нявернасць, крызіс сям’і і жыцця, нянавісць, акультызм, секты, прапаганда гендарнай ідэалогіі і гомасексуалізму. З’яўленне рэстарана «Поедем поедим», пабудаванага ва ўрочышчы Курапаты — месцы, дзе спачываюць ахвяры масавых рэпрэсій савецкага рэжыму, — арцыбіскуп назваў праявай непавагі да памяці памерлых і культу мучанікаў.
«Наша гамадства перажывае вялікі маральны крызіс, які з’яўляцца прычынай усіх іншых крызісаў», — сцвердзіў іерарх.
Паводле яго, заняпад маральнасці сучаснага свету настолькі сур’ёзны, што гэта нагадвае апакаліптычныя часы.
«Аднак, нягледзячы на гэта, Бог не перастае любіць чалавека і працягвае яму руку дапамогі. <…> Сённяшняе свята заахвочвае нас зрабіць рахунак сумлення з мэтай убачыць руку міласэрнага Бога, які хоча вырваць нас з небяспекі, з граху і бессэнсоўнасці жыцця», — сцвердзіў арцыпастыр.
Ён нагадаў, што св. Арханёл Міхал з’яўляецца анёлам Божай міласэрнасці, якога на абразах часта выяўляюць з шалямі ў руцэ. На іх узважваюцца добрыя і дрэнныя чыны.
«Мы павінны жыць так, каб добрых справаў было больш, каб на шалях св. Арханёла Міхала пераважыла дабро», — падсумаваў іерарх.
На заканчэнне св. Імшы перад фігурай св. Арханёла Міхала, прывезенай з італьянскага санктуарыя ў Гаргана, была прачытана літанія да нябеснага заступніка Касцёла на Беларусі і малітва за Бацькаўшчыну. На працягу тыдня раніцай і вечарам вернікі мінскай катэдральнай парафіі праз заступніцтва св. Арханёла будуць маліцца ў розных інтэнцыях: за сем’і, за мір, за памерлых і інш., а 6 кастрычніка пасля Ружанца а 18-й гадзіне фігура будзе перанесена ў касцёл Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) на Залатой Горцы ў Мінску.
Такім чынам, перэгрынацыя св. Арханёла Міхала па святынях Беларусі распачалася.