Пошук

28.09.2018 14:00   Catholic.by

29 верасня, у свята св. Міхала Арханёла (апекуна Мінска-Магілёўскай правінцыі Касцёла), св. Габрыэля і Рафала, Арханёлаў, у мінскім катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ўрачыста распачнецца перэгрынацыя фігуры св. Арханёла Міхала. Яе мэта — малітва за Беларусь і ажыўленне культу нябеснага заступніка мясцовага Касцёла.

Арханёл Міхал у Святым Пісанні паказаны як апякун Божага народа, а таксама як абаронца Божай хвалы. Яго культ пачаў развівацца ўжо з самага пачатку існавання Касцёла. Святы арханёл Міхал шмат разоў аб’яўляўся людзям на зямлі. Найбольш знакамітым месцам аб’яўленняў з’яўляецца гара Святога Анёла ў горным масіве Гаргана ў Італіі. Там цяпер знаходзіцца санктуарый — адзіная святыня, якая не была асвячана рукою чалавека: гэта зрабіў сам арханёл Міхал.

Санктуарый на гары Святога Анёла (Гаргана)

Гісторыя аб'яўленняў Арханёла Міхала

Першае аб’яўленне ў гэтым месцы адбылося напрыканцы V стагоддзя. Арханёл аб’явіўся святому Лаўрэнцію, біскупу Сіпонта, і сказаў:

«Я — арханёл Міхал, стаю перад абліччам Бога. Пячора прысвечана мне; я сам ахоўваю яе. <…> Там, дзе расступаецца скала, будуць прабачаныя чалавечыя грахі <…> Малітвы, якія вы будзеце тут узносіць, Пан Бог выслухае. Ідзі ў горы і прысвяці гэтую пячору хрысціянскаму культу». Паколькі шмат стагоддзяў узвышша Гаргана было месцам язычніцкага культу, біскуп доўга марудзіў з выкананнем арханёльскага даручэння.

Праз два гады падчас аблогі Сіпонта нямецкімі войскамі біскупу зноў аб’явіўся святы арханёл Міхал. Ён прадвясціў перамогу над ворагам, і яна была атрымана, што суправаджалася разнастайнымі цудамі.

Гэта схіліла святога Лаўрэнція да таго, каб выканаць даручэнне арханёла Міхала з першага аб’яўлення. У 493 г. Арханёл Міхал аб’явіўся Лаўрэнцію ў чарговы раз, кажучы:

«Пакінь намер асвячэння пячоры: я выбраў яе як месца свайго прабывання і ўжо сам асвяціў разам са сваімі анёламі. Ты знойдзеш у ёй знакі на скале і маю выяву, алтар, палій і крыж. Вы толькі ўвойдзеце ў пячору і прамовіце пры мне малітвы. Заўтра адслужыце для народу Найсвяцейшую Ахвяру і ўбачыце, як я сам асвячаю гэтую святыню».

Пячора санктуарыя на гары Святога Анёла (Гаргана)

Чарговае аб’яўленне ў гэтым месцы адбылося ў 1656 г., падчас эпідэміі чумы. Арханёл Міхал аб’явіўся біскупу Альфонсо Пучынэллі, папрасіўшы асвяціць і раздаць жыхарам каменьчыкі з пячоры. Паводле некаторых звестак, на іх былі высечаныя крыжы і арханёльскія ініцыялы. Тыя, хто атрымаў каменьчыкі і з пашанаю захоўваў іх, перажылі эпідэмію.

Перэгрынацыя фігуры Арханёла Міхала з малітвай за Беларусь

Фігура Арханёла Міхала, перэгрынацыя якой па парафіях Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі распачнецца ў гэты святочны дзень, прывезена менавіта з санктуарыя на гары Святога Анёла ў масіве Гаргана. Пэўны час яна знаходзілася ў пячоры аб’яўленняў і была благаслаўлёная падчас св. Імшы 8 мая 2018 г. — у той дзень, калі ўспамінаецца аб’яўленне Міхала Арханёла. Гэтую фігуру неслі вернікі падчас эўхарыстычнай працэсіі 3 чэрвеня 2018 г. вуліцамі Мінска.

Разам з Маці Божай Будслаўскай арханёл Міхал з’яўляецца апекуном Мінска­-Магілёўскай правінцыі Касцёла, а таксама апекуном Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.

Фігура Арханёла Міхала з Гаргана знаходзілася ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі да 2 ліпеня 2018 г., пасля чаго наведала Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай і перанесена ў касцёл святога Міхала Арханёла ў в. Багданава (Валожынскі дэканат).

Перэгрынацыя фігуры святога Арханёла Міхала распачнецца з мінскага катэдральнага касцёла Найсвяцейшага Імя Марыі.

Фігура прыбудзе ў святыню падчас урачыстых Нешпараў з удзелам капітулу канонікаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, якія распачнуцца а 18-й гадзіне.

У галоўны касцёл архідыяцэзіі фігуру з Гаргана даставіць кс. Ігар Лашук, пробашч парафіі св. Арханёла Міхала ў Багданаве. Перад ёю будзе прачытана адмысловая малітва аб аздараўленні і вызваленні з моцы зла. Пасля св. Імшы, цэлебрацыю якой узначаліць арцыбіскуп Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч, будзе прачытана літанія да св. Арханёла Міхала і малітва за Беларусь.

Фігура св. Арханёла Міхала на франтоне санктуарыя ў Гаргана

Фігура з Гаргана будзе знаходзіцца ў мінскай катэдры на працягу тыдня. 30 верасня, у нядзелю, падчас усіх св. Імшаў гаміліі будуць прысвечаны нябеснаму заступніку Касцёла на Беларусі і будуць чытацца адмысловыя малітвы праз заступніцтва св. Арханёла Міхала. На працягу тыдня раніцай і ўвечары таксама будуць адбывацца набажэнствы перад фігурай з Гаргана, прысвечаныя малітвам за сем’і, за мір, за памерлых і ў іншых інтэнцыях.

Катэдральны этап перэгрынацыі завершыцца ў суботу, 6 кастрычніка, малітваю св. Ружанца а 18-й гадзіне.

Пасля гэтага фігура св. Міхала Арханёла будзе перанесена ў мінскі касцёл Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) на Залатой Горцы, адкуль праз тыдзень скіруецца ў парафію св. Яна Хрысціцеля ў Серабранцы.

Абноўлена 29.09.2018 07:45
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.