Пошук

16.04.2019 15:46   Тэкст: Юлія Шэдзько / Catholic.by
Фота: Аляксандра Шчыглінская / Francois Guillot (Getty Images)

На велікоднай прэс-канферэнцыі, якая прайшла 16 красавіка ў Мітрапалітальнай курыі ў Мінску, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч выказаўся пра падзеі ў Парыжы. Напярэдадні вечарам у славутай святыні Нотр-Дам здарыўся моцны пажар, які быў спынены толькі праз 12 гадзін.

«Учора ўвесь свет — не толькі каталіцкі свет, не толькі хрысціянаў, але і людзей, далёкіх ад Бога, — занепакоіла вестка аб тым, што загарэўся сабор Парыжскай Божай Маці. Гэта вялікая трагедыя. Я асабіста шмат разоў бываў у гэтай святыні, маліўся перад цярновай каронай Езуса Хрыста, якая захоўваецца там, і, калі глядзеў на здымкі і відэатрансляцыі таго, што адбывалася, мяне апаноўвалі жах і шкадаванне ад страты», — адзначыў арцыбіскуп.

«Сабор Парыжскай Божай Маці — гэта не толькі сімвал горада, але і сімвал гісторыі хрысціянства, — дадаў іерарх. —

Сабору амаль 900 гадоў, ён не быў знішчаны ні ў часы Французскай рэвалюцыі, калі краіна зусім адышла ад веры, ні ў часы Напалеона, ні ў часы Другой сусветнай вайны, а сёння яго амаль знішчыў агонь. Дзякуй Богу, што часткова святыню ўдалося ўратаваць, што засталіся цэлымі шмат мастацкіх каштоўнасцяў, рэліквій, у тым ліку і цярновая карона Езуса Хрыста».

«Ад імя Каталіцкага Касцёла я хачу выказаць спачуванні французскаму народу, асабліва католікам, арцыбіскупу Парыжа, якога я добра ведаю. Заклікаю католікаў Беларусі памаліцца ў інтэнцыі аднаўлення сакральнага будынка, каб і далей ён не толькі быў месцам, якое вабіць турыстаў, а перадусім заставаўся месцам сустрэчы чалавека з Богам», — сказаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.